Трамп не абяцае абараняць краіны НАТО, калі будзе прэзыдэнтам

Кандыдат у прэзыдэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп заявіў, што, у выпадку яго абраньня, Злучаныя Штаты ня змогуць гарантаваць бясьпеку ўсім членам НАТО.

У інтэрвію The New York Times ён адзначыў, што дапамога будзе аказана толькі тым краінам, якія «выконваюць свае абавязаньні» перад ЗША.

Трамп падкрэсьліў, што гэтая ўмова тычыцца і краінаў Балтыі, дзе ваенная прысутнасьць Паўночнаатлянтычнага альянсу ўзмацнілася пасьля расейскай анэксіі Крыму ў 2014 годзе. Кандыдат у прэзыдэнты таксама выказаў жаданьне скараціць ваенныя выдаткі на дапамогу саюзьнікам, якія ЗША несьлі цягам апошніх гадоў.

Трамп запэўніў, што, у выпадку яго абраньня, Злучаныя Штаты ня будуць спрабаваць аказваць уплыў на іншыя дзяржавы і зьвернуць больш увагі на рашэньне ўнутраных праблемаў.

Выбары прэзыдэнта ЗША адбудуцца 8 лістапада 2016 году. Дональд Трамп быў зацьверджаны кандыдатам ад рэспубліканцаў на агульнанацыянальным зьезьдзе партыі, які праходзіць у Кліўлэндзе (штат Агаё). У чацьвер, заключны дзень работы зьезду, Трамп выступіць перад дэлегатамі.

Галоўным супернікам Трампа на выбарах, як чакаецца, будзе былая дзяржсакратарка Гілары Клінтан, кандыдатуру якой павінны зацьвердзіць на сваім зьезьдзе дэмакраты.