Прадпрымальнікі напалі на валянтэраў, што прыбіралі Курапаты

Прадпрымальнікі з рынку «Экспабел» учынілі бойку з валянтэрамі, якія ў суботу 16 ліпеня прыбіраліся ў Курапатах. Па словах валянтэраў, прычынай агрэсіі сталі шэўроны з «Пагоняй» і бел-чырвона-белым сьцягам.

Як перадае сайт Маладога фронту, у суботу шасьцёра валянтэраў праводзілі ўпарадкаваньне на тэрыторыі Курапатаў. Яны прыйшлі на рынак «Экспабел», каб затачыць ланцуг ад бэнзапілы.

«Майстар сказаў нам, каб мы хвілінаў 15 пачакалі, таму мы пайшлі ў найбліжэйшую кавярню, — прыводзіць Сяргея Пальчэўскага Малады фронт. — Па дарозе нейкі ІПэшнік, зрэагаваўшы на шэўроны з «Пагоняй» і бел-чырвона-белым сьцягам, нешта пракрычэў нам у сьпіну, але мы нават не зьвярнулі ўвагі».

На выхадзе з кавярні на хлопцаў накінулася сем прадпрымальнікаў. Яны выкрыквалі «Гэта наша зямля».

«Нас было шэсьць хлопцаў, але мы разумелі, што нельга рэагаваць на гэту правакацыю, — кажа Пальчэўскі. — Таму мы апроч абараняльных блёкаў не ўжывалі ніякае сілы ды выклікалі міліцыю».

На месца прыехаў міліцыянт, які апытаў маладафронтаўцаў.