Павіншаваць зь днём народзінаў расейскага вязьня Алега Сянцова прыйшлі і беларусы Ўкраіны

Украінскія актывісты зладзілі ў Кіеве і Харкаве акцыю салідарнасьці з украінскім рэжысёрам, сцэнарыстам і пісьменьнікам Алегам Сянцовым, асуджаным расейскім судом да 20 гадоў зьняволеньня за нібыта тэрарыстычную дзейнасьць у Крыме. Пасьля прысуду яго этапавалі для адбыцьця пакараньня ў Якуцію, але з таго моманту да яго не дапускаюць украінскіх дыпляматаў.

Сёньня Алегу Сянцову споўнілася 40 гадоў. На Майдан Незалежнасьці ў Кіеве прыйшлі родныя, сябры і яшчэ больш незнаёмых зь ім людзей, каб павіншаваць яго зь днём народзінаў. Сваю падтрымку прыйшлі выказаць і паплечнікі Алега — Надзея Саўчанка і Генадзь Афанасьеў, якія нядаўна былі вызваленыя і вярнуліся з Расеі на бацькаўшчыну.

Генадзь Афанасьеў


— Тое, што Алег сказаў на судзе, і як ён заклікаў расейскі народ змагацца супраць тыраніі, ведаючы, што яму пагражае 20 гадоў пазбаўленьня волі — для мяне гэта ўзор мужнасьці. Ён стаў для мяне прыкладам. Дзякуючы яму я адчуваю сябе вольным у сэрцы і душы. Я вельмі яму ўдзячны, і вельмі хачу, каб ён паверыў, што зараз за ягонымі плячыма сапраўды ня толькі ўся Ўкраіна, а і ўвесь сьвет. Я спадзяюся, што хутка Алег таксама будзе на волі, — сказаў Генадзь Афанасьеў.

Надзея Саўчанка


Надзея Саўчанка перакананая, што ўсе ўкраінцы, якія цяпер знаходзяцца ў расейскіх турмах, абавязкова будуць вызваленыя. А пакуль, яна мяркуе, кожны ўкраінец мае пісаць ім лісты са словамі падтрымкі. «Данбас, Крым, Украіна — усе разам. Нашые хлопцы вернуцца і мы будзем разам на волі. Мы за гэта будзем змагацца», — заявіла яна.

Алег Аўчыньнікаў


Павіншаваць Алега Сянцова зь днём народзінаў пад бел-чырвона-белым сьцягам прыйшла і група беларусаў. «Любая акцыя падтрымкі кагосьці з палітычных вязьняў — гэта заўсёды важна, і чым большая падтрымка, як сярод звычайных грамадзян, гэтак і ў кіраўніцтве краіны, тым хутчэй можа пайсьці справа па іх вызваленьні», — сказаў беларус Алег Аўчыньнікаў.

Натальля Каплан


Натальля Каплан, сястра Алега Сянцова, паведаміла, што яе брат ня скардзіцца ані на здароўе, ані на ўмовы ўтрыманьня. «Ён кажа, што заўсёды адчувае падтрымку, і для яго гэта вельмі важна. Бо, як вядома, ёсьць дзьве катэгорыі вязьняў — тыя, пра каго ня памятаюць, і тыя, каго памятаюць і падтрымліваюць. Я хачу павіншаваць свайго брата зь днём нараджэньня. Я спадзяюся, што гэта яго апошні дзень народзінаў за кратамі», — адзначыла яна.


Удзельнікі акцыі маглі наўпрост на Майдане незалежнасьці падпісаць пэтыцыю з патрабаваньнем вызваленьня Алега Сянцова, падпісаць яму паштоўку і прачытаць урывак зь яго твораў.

Чытаньне твораў Сянцова


Напрыканцы акцыі ў паветра ўзьняліся паветраныя балёнікі з надпісам: «Волю Алегу Сянцову».