Паўленскага пазбавілі прэміі Гаўла за падтрымку «прыморскіх партызан»

Пётр Паўленскі

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Foundation (HRF) вырашыла ануляваць прэмію імя Вацлава Гаўла, якую прысудзілі расейскаму мастаку Пятру Паўленскаму ў траўні.

Рашэньне зьвязана з падтрымкай Паўленскім так званых «прыморскіх партызан», якія асуджаныя на доўгія тэрміны за сэрыю ўзброеных нападаў на супрацоўнікаў расейскай міліцыі ў 2010 годзе. «Партызаны» тлумачылі свае дзеяньні «барацьбой зь міліцэйскім бязьмежжам».

У лісьце Паўленскаму (копія ёсьць у распараджэньні тэлеканалу «Дождж») праваабарончая арганізацыя паведамляе аб экспэртызе зьвязаных з прэміяй заяваў, якія зрабілі мастак і яго паплечніца Аксана Шалыгіна. На думку арганізацыі, спадчына Гаўла ніяк ня можа быць зьвязана з падтрымкай групы, якая вырашыла «зьвярнуцца да сьмяротнага гвалту супраць паліцыі». Аргкамітэт прэміі вырашыў пазбавіць Паўленскага права на ўзнагароду, уключаючы статус ляўрэата, бронзавую статуэтку і грашовую ўзнагароду, напісалі арганізатары.

Паўленскі быў абвешчаны ляўрэатам прэміі Вацлава Гаўла «за крэатыўны пратэст» 25 траўня, калі ён знаходзіўся ў турме па справе пра акцыю «Пагроза» (падпале дзьвярэй будынка ФСБ). На цырымонію ў Осла прыбыла яго паплечніца Аксана Шалыгіна. Яна паведаміла арганізатарам і гасьцям, што Паўленскі мае намер перадаць прэміяльныя грошы для таго, каб забясьпечыць кваліфікаваную юрыдычную абарону «прыморскіх партызан». Аргкамітэт спрабаваў пераканаць Паўленскага перагледзець рашэньне, ён адмовіўся, і грошы не былі яму пералічаныя.

Паўленскі апублікаваў артыкул, у якім напісаў, што «спроба навязаць усім людзям аднадумства — гэта прыкмета таталітарызму». Ёсьць падставы меркаваць, піша Паўленскі, што заснавальнікі і арганізатары гэтай прэміі спрабуюць дыктаваць яму, як ён павінен распарадзіцца грашыма. «Вартае жалю тое, што калі б я вырашыў аддаць гэтыя грошы ФСБ, то гэта было б успрынята добразычліва». Гэта значыць, што падтрымка тэрору заахвочваецца, а падтрымка людзей, якія ўзьняліся на барацьбу з паліцэйскім тэрорам, выклікае абурэньне, адзначае Паўленскі.