Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ляўрэата прэміі Вацлава Гаўла расейскага мастака Пятра Паўленскага білі восем канваіраў


Зьбіцьцё адбылося па дарозе ў маскоўскі Мяшчанскі суд.

18 траўня суд прыступіў да разгляду крымінальнай справы адносна мастака паводле абвінавачаньня ў пашкоджаньні аб’екту культурнай спадчыны — за падпал дзьвярэй будынка ФСБ на Лубянцы ў лістападзе 2015 году.

Адначасова ў Праабражэнскім раённым судзе расейскай сталіцы рыхтуецца прысуд па справе аб акцыі «Свабода» — 23 лютага 2014 году на знак салідарнасьці з кіеўскім Майданам Паўленскі падпаліў аўтамабільныя шыны на Малым Канюшаным мосьце ў Санкт-Пецярбургу і стаў абвінавачаным па частцы 2 артыкулу 214 КК (вандалізм).

З Бутырскай турме Паўленскага, арыштаванага пасьля падпалу дзьвярэй ФСБ, нядаўна перавялі ў СІЗА «Мядзьведзь». Паўленскі кажа, што ўмовы ўтрыманьня там нашмат горшыя. На Форуме Свабоды, які адкрываецца ў Осла, Паўленскаму будзе ўручана прэмія «За крэатыўны пратэст». Атрымліваць яе паедзе паплечніца мастака Аксана Шалыгіна. Пётар Паўленскі перадаў ёй тэкст свайго выступу і ў тым жа лісьце паведаміў, што яго жорстка зьбілі канваіры па дарозе ў суд:

«У мяне перабіта калена, трэшчына ў рабры і ўнутраныя гематомы. Кожны ўдых даецца з болем... Больш як паўгода я знаходжуся ў турме... Я кожны дзень бачу, што такое паліцэйскі нагляд».



«Я паеду ў Осла атрымліваць прэмію Вацлава Гаўла, і Пётар мне сёньня перадае тое, што ён хоча, каб я са сцэны сказала ад яго імя, і ў канцы дапіска: „Мне цяжка дыхаць“, — распавяла Радыё Свабода Аксана Шалыгіна. — Я гляджу на яго, у мяне вочы акругляюцца, я кажу: „Гэта праўда?“ Ён кажа: „Так“. У Масгарсудзе адбываецца сыстэматычнае зьбіцьцё арыштантаў і зьняволеных. Проста закідваюць у аўтазак і зьбіваюць Яны шпурляюць іх як кавалак мяса. Дубінкамі, нагамі... чым толькі можна, электрашокер ў шыю ўтыкаюць, і Пётар трапіў пад такой жа замес. Яго білі 8 чалавек дубінкамі і рукамі. Лекар агледзеў у штрафным ізалятары, але не зафіксаваў пабоі. Лепш націснуць на Масгарсуд, асабліва на аднаго азьвярэлага чалавека: тады, можа быць, і іншыя вязьні перастануць гэтыя пабоі атрымліваць. Мы будзем цяпер актыўна дамагацца, каб альбо звольнілі гэтага чалавека, альбо праверкі да іх пайшлі».

Вядомы нумарны знак канваіра, які адрозьніваецца асаблівай жорсткасьцю — 007.666.

Нягледзячы на траўмы, Пётар Паўленскі на судовых пасяджэньнях трымаецца стойка і просіць не перажываць за яго здароўе. «Мастацтва — гэта калі слова не разыходзіцца са справай, калі ты сам кіруеш сваёй увагай. Нават калі цяжка ўс.міхацца і ў цябе баляць разьбітыя рэбры», — напісаў у сваім фэйсбуку мастак Алег Кулік, якому ўдалося пагаварыць з Паўленскім ў залі суду.

Партрэт Пятра Паўленскага (акцыя "Туша") на вокладцы дадатку да брытанскага часопіса The Economist

Партрэт Пятра Паўленскага (акцыя "Туша") на вокладцы дадатку да брытанскага часопіса The Economist



Пётар Паўленскі адмовіўся ад амністыі і спыненьня справы за акцыю «Свабода» з прычыны заканчэньня тэрміну даўнасьці, «бо ўсе павінны несьці адказнасьць — і судзьдзя, і ўвесь апарат». Прысуд будзе абвешчаны 19 траўня. «У мяне няма сумненьняў у тым, што рашэньне даўно прынятае за судзьдзю І пракурор, і яна — гэта проста лялькі», — ўпэўненая Аксана Шалыгіна.

Пётар Паўленскі абвясьціў «рэглямэнт маўчаньня» падчас першых слуханьняў па факце падпалу дзьвярэй ФСБ на знак пратэсту супраць адмовы суда перакваліфікаваць справу на артыкул «Тэрарызм».

Пракурор, выступаючы на пасяджэньні, ацаніў шкоду, нанесеную Паўленскім, амаль у 500 тысяч рублёў. У абвінаваўчым заключэньні таксама паказана, што будынак ФСБ на Лубянцы мае гістарычную і культурную каштоўнасьць, паколькі ў 30-х гадах мінулага стагодзьдзя там «ўтрымліваліся пад арыштам выбітныя дзеячы культуры».

XS
SM
MD
LG