У Менскім аэрапорце затрымалі ЛГБТ-актывістку з Самары

Сёньня ў менскім аэрапорце а 9.30 была затрыманая юрыстка Самарскага грамадзкага руху ЛГБТ «Аверс» Марыя Рымар.

Яе затрымалі па падазрэньні ў заведама ілжывым паведамленьні пра небясьпеку. У выніку затрыманьня яна прапусьціла некалькі рэйсаў на Маскву, куды кіравалася з Кіева.

Марыя Рымар

«Ня ведаю, у чым мяне вінавацяць. У Менску была транзытам, мяне затрымалі пасьля рэйсу з Кіева, заламалі рукі і ўчатырох павалаклі ў міліцыю. Пісьмова нічога не прад’явілі, толькі ў вуснай форме назвалі артыкул 340 (заведама ілжывае паведамленьне аб небясьпецы). У мяне абмежаванае перамяшчэньне, і я не магу пакінуць аэрапорт. Не пускалі ў прыбіральню. Абшукалі мае рэчы і склалі пратакол, які падпісалі двое панятых — тэхнічныя супрацоўнікі аэрапорту», — распавяла праваабаронца самарскаму сайту «Большая деревня».