Актывісты просяць міністра падзякаваць міліцыянтам за зычлівасьць падчас акцыі да Дня незалежнасьці ЗША

Уладзімер Падгол на акцыі 4 ліпеня

Актывісты Ўладзімер Падгол і Алесь Таўстыка накіравалі ліст міністру ўнутраных спраў Беларусі Ігару Шуневічу. Яны папрасілі выказаць падзяку супрацоўнікам міліцыі, якія 4 ліпеня прыйшлі да месца правядзеньня акцыі, прысьвечанай Дню незалежнасьці ЗША.

«Паведамляем Вам, што 4 ліпеня, калі мы на плошчы Свабоды адзначалі Дзень незалежнасьці ЗША, раздавалі мінакам сьцяжкі ЗША, тады разам з намі ўдзел у сьвяткаваньні ўзялі зь дзесятак вашых супрацоўнікаў. Яны вялі сябе карэктна, зычліва, ня лаяліся матам, усьміхаліся. Дзякуючы ім у нас ня скралі ніводнага сьцяжка ЗША. І ня быў сапсаваны настрой у сьвяткуючых», — гаворыцца ў лісьце.

Актывісты нагадалі заяву кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, у якой ён адзначыў, што беларускі бок вельмі хацеў бы «нармалізацыі стасункаў з ЗША на ўзаемавыгадных умовах».

«Мы са свайго боку цалкам падтрымліваем думку Аляксандра Лукашэнкі. Спадзяемся, што і Вы таксама падзяляеце думку свайго прэзыдэнта», — адзначылі Падгол і Таўстыка.

Актывісты паведамілі ў лісьце, што падчас перадвыбарчай кампаніі яны будуць у публічных месцах уздымаць сьцягі ЗША, Эўразвязу разам з нацыянальным. Яны запрасілі міністра Шуневіча прыйсьці на адзін з такіх пікетаў у цэнтры Менску, каб разам «пастаяць пад паважнымі ва ўсім сьвеце сьцягамі».

Уладзімір Падгол — аўтар першай канцэпцыі закону ЗША «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі» (2003 год). Кіраўнік грамадзкага абʼяднаньня «Інфармацыйныя і сацыяльныя інавацыі», кандыдат філязофскіх навук. Алесь Таўстыка зьяўляецца кіраўніком грамадзкага абʼяднаньня «За Свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва», сябрам рады руху «За Свабоду».