Украіна прыбярэ «савецкія» зоркі з пагонаў

Праект новых пагонаў Узброеных сілаў Украіны. Social networks

Замест зорак на пагонах будзе стылізаваная эмблема Ўзброеных сілаў Украіны.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў 5 ліпеня сьпіс новых прадметаў уніформы і знакаў адрозьненьня Ўзброеных сілаў Украіны, паведаміў на Facebook сябра Блёку Пятра Парашэнкі Юры Бірукоў.

Замест зорак на пагонах цяпер будзе прамяністы крыж, мадыфікаваная эмблема Ўзброеных сілаў Украіны, а таксама ўласна эмблема на месцы гузіка. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, новыя пагоны і іншыя новыя прадметы ўніформы будуць прадстаўленыя 24 жніўня, у Дзень незалежнасьці Ўкраіны.

Гэтая карпатлівая праца вялася больш за год, — піша Бірукоў. — Увесь букет належнай «увагі» з боку нядобразычліўцаў: інтрыгі, скандалы, плёткі, скаргі. І карпатлівая праца групы энтузіястаў. Цяпер пастаўлена кропка».

Сапраўды, пра прапанову «зьняць зоркі» гаварылася яшчэ год таму.

«На пагонах у нас ня будзе савецкай зоркі, — казаў ТСН у мінулым ліпені адзін з аўтараў праекту Віталь Гайдукевіч. — Ключавая прычына: па-першае, наш вораг носіць такія знакі адрозьненьня, і гэта няправільна. Па-другое, тое, што ў нас цяпер, гэта спадчына Савецкага Саюзу, татальны савок».

Украіна адмаўляецца ад савецкай спадчыны ў межах дэкамунізацыі. Гэты працэс уключае знос помнікаў, перайменаваньне вуліцаў і цэлых гарадоў. Падобны працэс ідзе ў Польшчы.