Нападнік на Валянціну Быкаву пакуль ня знойдзены

Валянціна Быкава, архіўнае фота

Сьледчы камітэт па Віцебскай вобласьці працягвае сьледчыя дзеяньні паводле крымінальнай справы аб нападзе на Валянціну Быкаву.

Аднак асоба, падазраваная ў нападзе, ня выяўлена. Пра гэта Свабодзе паведаміла прэсавы сакратар Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці Сьвятлана Сахарава:

«Ад моманту завядзеньня крымінальнай справы 26 траўня, прызначаны шэраг экспэртыз, некалькі разоў была апытаная пацярпелая. Але асоба, падазраваная ў нападзе, ня выяўленая. У сувязі са сьмерцю Валянціны Быкавай прызначаныя дадатковыя дасьледаваньні, якія павінны выявіць прычыны наступленьня сьмерці. Канчатковыя высновы ў крымінальнай справе будуць зробленыя пасьля ўсіх заключэньняў экспэртаў».

Як паведаміла Сьвятлана Сахарава, паводле працэсуальных нормаў, рашэньне аб закрыцьці альбо працягу крымінальнай справы будзе прымацца цягам двух месяцаў пасьля яе адкрыцьця — 27 ліпеня 2016 году.