Пуцін зьняў абмежаванні на туры і чартэрныя рэйсы ў Турэччыну

Адменены таксама забарона на чартарныя паветраныя перавозкі паміж Расеяй і Турэччынай.

Адпаведныя меры Ўладзімер Пуцін даручыў прыняць ўраду.

Раней у чацьвер кіраўнік ураду Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў даручыў падрыхтаваць меры для паэтапнай адмены санкцый супраць Турэччыны.

Аднавіць супрацоўніцтва ў сфэры турызму і пачаць нармалізацыю гандлёва-эканамічных адносін Уладзімер Пуцін і прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган дамовіліся падчас тэлефоннай размовы ў сераду.

Крэмль падкрэсьлівае, што гэта стала магчымым толькі пасьля таго, як Эрдаган прынёс прабачэньні і спачуваньні сям’і расейскага лётчыка, які загінуў у лістападзе 2015 году, калі турэцкія ВПС зьбілі бамбавік Су-24 паблізу турэцка-сырыйскай мяжы.

Тады Масква ўвяла санкцыі ў дачыненні да Анкары.

Анкара, у сваю чаргу, адмаўляла, што Эрдаган выбачаўся. Паводле турэцкай вэрсіі, Эрдаган выказаў шкадаваньне.