Што важней для беларусаў — Алімпійскія гульні ці выбары

Чаму ўлады вырашылі трансьляваць выступы кандыдатаў у дэпутаты па малапапулярным трэцім канале БТ?

Абмяркоўваюць: Уладзімер Глод, Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч.


Глод: Выступленьне кандыдатаў ў дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў і іх дэбаты будуць праводзіцца на 3-м канале Беларускага тэлебачаньня. Адпаведную пастанову прыняла Цэнтральная выбарчая камісія. 3-ці канал, альбо канал «Культура», глядзіць з усіх беларускіх каналаў, паводле рэйтынгу гледачоў, найменшая колькасьць людзей.

Пра гэта ведаюць у ЦВК, і таму Цэнтарвыбаркам плянаваў, што выступы і дэбаты прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты пройдуць на канале Беларусь-2, пра што публічна заявіла на паседжаньні камісіі яе супрацоўніца Алена Дзьмухайла. Яна казала, што першапачаткова плянавалася, што кандыдаты змогуць зьвярнуцца да выбарцаў на канале Беларусь-2, але ў Міністэрстве інфармацыі Цэнтральную выбарчую камісію не падтрымалі. Там патлумачылі, што ў гэты час на Беларусь-2 будуць трансьляваць Алімпійскія гульні, і прапанавалі эфір на канале Беларусь-3.

У Міністэрстве інфармацыі патлумачылі, што ў гэты час на Беларусь-2 будуць трансьляваць Алімпійскія гульні, і прапанавалі эфір на канале Беларусь-3.

Кожны з кандыдатаў атрымае магчымасьць аднаго бясплатнага выступу. Таксама прадугледжаныя тэледэбаты, якія адбудуцца пры ўмове, калі ў іх пажадаюць удзельнічаць ня менш за два кандыдаты па адной акрузе. Падчас дэбатаў выдзяляецца па 5 хвілін на чалавека, ну, і кожны выступоўца таксама мае 5 хвілін.

Пастанова ЦВК вызначыла і газэты, у якіх кандыдаты ў дэпутаты могуць надрукаваць свае праграмы. Зьвяртае ўвагу, што сярод гэтых газэт няма газэты «СБ: Беларусь сегодня». Прэтэндэнты могуць скарыстацца толькі такімі выданьнямі, як «Зьвязда», «Народная газэта», «Рэспубліка», плюс 6 афіцыйных абласных газэт і гарадзкая «Вячэрні Мінск». «СБ: Беларусь сегодня» традыцыйна на сваіх старонках друкуе шмат спартовых матэрыялаў. Падчас Алімпійскіх гульняў колькасьць іх, зразумела, яшчэ павялічыцца. Як і на першых двух тэлеканалах. Атрымліваецца, што для ўладаў спорт становіцца важнейшым за выбары.

Цяжка сказаць, колькі працэнтаў беларусаў зьбіраецца падчас Алімпійскіх гульняў каля экранаў сваіх тэлевізараў. А вось наконт парлямэнцкіх выбараў, то тут існуе дакладная лічба. Паводле афіцыйных зьвестак на папярэдніх парлямэнцкіх выбарах у 2012 годзе прагаласавалі 74,2% ад усіх выбарцаў. Гэта значыць — тры чвэрці насельніцтва ва ўзросьце ад 18 гадоў і вышэй. Я ня ўпэўнены, што тэлетрансьляцыі з Рыё-дэ-Жанэйра зьбяруць гэткую самую аўдыторыю.

Можа, улады спэцыяльна так робяць, каб на ўчасткі для галасаваньня прыйшло меней, чым звычайна, людзей?

Такім чынам, улады ў выбары паміж Алімпійскімі гульнямі і парлямэнцкай кампаніяй выказаліся на карысьць Алімпіяды. Дык што гэта — выбар у стылі старажытнарымскага «хлеба і відовішчаў»? Калі так, то, зразумела, Алімпіяда як відовішча, куды цікавейшае за выбары. А можа, улады спэцыяльна так робяць, каб на ўчасткі для галасаваньня прыйшло меней, чым звычайна, людзей? Дарэчы, сёлетнія ж выбары ўпершыню пройдуць у адзін тур. І тады ў такі падыходзе ёсьць пэўная лёгіка.

Дракахруст: Я мяркую, што зацікаўленасьць людзей Алімпіядай насамрэч вышэй, чым цікавасьць да выбараў. Даводзілася размаўляць з калегамі з розных выданьняў, якія працуюць у Беларусі, і яны кажуць, што палітычныя навіны нават падчас выбараў зьбіраюць адносна няшмат клікаў, куды больш сацыялка, спорт.

Зацікаўленасьць людзей Алімпіядай насамрэч вышэй, чым цікавасьць да выбараў.

Зразумела, інтэрнэт-аўдыторыя гэта не зусім тое, што аўдыторыя тэлебачаньня, але гэтыя зьвесткі да пэўнай ступені паказальныя. І гэта даволі зразумела, бо што такое беларускія выбары, я думаю, значная частка беларусаў ведае. Падсьвядома гэта разумеюць нават адданыя прыхільнікі ўлады. Для іх выбары — гэта проста звыклы рытуал, своеасаблівая форма прысягі на вернасьць, і ніякай уласна цікавасьці гэта ў іх не выклікае.

Але я мяркую, што ўлады паводзяць сябе менавіта такім чынам, яшчэ больш зьбіваючы цікавасьць да выбараў, не з таго, што патураюць масавым густам, а таму, што кіруюцца прынцыпам «не будзі ліха». Грамадзкія настроі для ўладаў кепскія, і яны б хацелі, каб гэтае незадавальненьне не каналізавалася ў палітычную сфэру, у палітычны выбар.

Выбары і так ня надта шумныя, гучныя, уладам трэба, каб яны былі наогул незаўважанымі. Каб дзьве рэчы «мы кепска жывём» і «палітычны выбар», барані Бог, у сьвядомасьці народу не зьвязаліся. Каб і было такое ўяўленьне, што выбары нічога не вырашаюць, што на іх усё вызначана.

Разьлік пераносу з 2-га каналу на 3-ці — гэта ня столькі патураньне народным густам, колькі патураньне сваім уласным, каб усё было ціха.

Што тычыцца яўкі — яўка вызначаецца ня толькі тым, што чалавек паглядзеў тэледэбаты, зацікавіўся і пабег галасаваць. Значная частка людзей галасуе проста па звычцы. На гэта ўлада і разьлічвае. Ну, у рэшце рэшт ёсьць падлічальныя здольнасьці Лідзіі Ярмошынай, якая ўсё можа падлічыць як трэба, нават калі ніхто ня прыйдзе.

Разьлік пераносу з 2-га каналу на 3-ці — гэта ня столькі патураньне народным густам, колькі патураньне сваім уласным, каб усё было ціха.

Карбалевіч: Я нязгодны з вашай, Юры, думкай, што беларусы ўсё пра выбары ведаюць і на іх не зьбіраюцца. Паводле НІСЭПД, ужо сёньня 51.8% рэспандэнтаў гатовыя галасаваць на гэтых выбарах, 19.6% сказалі, што ня будуць галасаваць, а 25% пакуль яшчэ ня вырашылі.

Прычым чакаюць, што гэтыя выбары будуць свабоднымі і справядлівымі 38.1%, супрацьлеглае меркаваньне выказалі 36.1%, чвэрць ня вызначылася з адказам. Амаль такія ж вынікі па гэтых пытаньнях былі і раней.

То бок, у апазыцыйным асяродзьдзі існуе міт, што абсалютная большасьць людзей добра разумее, што выбараў у Беларусі няма. А сацыёлягі даводзяць, што гэта ня так. Прычым сытуацыя ў гэтым сэнсе мала мяняецца.

Існуе міт, што Беларусь — спартовая нацыя. Гэта ня так. Рэйтынг спартовых перадачаў у Беларусі не перавышае 10%.

Тое, што ўлады хочуць загнаць выступы кандыдатаў на тэлеканал, які мала глядзяць, вельмі цікава. Гэта сьведчыць пра тое, што ўлады хочуць правесьці выбары па-за палітычнай прасторай. То бок, каб выбары ня надта палітызавалі насельніцтва. Хочуць, як звычайна, зрабіць выбары як рытуал, тэхнічную працэдуру, і ня больш за тое.

А наконт Алімпійскіх гульняў існуе яшчэ адзін міт, што Беларусь — спартовая нацыя. Гэта ня так. Рэйтынг спартовых перадачаў у Беларусі не перавышае 10%. Рэкорд быў падчас Чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску, калі Беларусь гуляла з Латвіяй. Матч глядзела 17,45% тэлегледачоў. Для параўнаньня: у ЗША толькі на адным тэлеканале матч амэрыканскага футболу глядзела 51% жыхароў ЗША. Ці прыклад, як ледзь не пагалоўна заўзела Ісьляндыя, калі яе зборная перайграла Англію на Чэмпіянаце Эўропы па футболе.