«У выпадку „крымскага сцэнару“ Беларусі дапамогуць украінскія добраахвотнікі» — Тактычная група «Беларусь»

Тактычная група «Беларусь» — беларускія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Ўкраіны. Фота з Фэйсбуку

Байцы Тактычнай групы маюць магчымасьць атрымаць украінскія вайсковыя квіткі, ды не сьпяшаюцца: ваяваць у стане добраахвотнікаў ім зручней.

Беларускім добраахвотнікам на Данбасе нядаўна пачалі выдаваць вайсковыя квіткі. «Цяпер будзем бараніць Украіну афіцыйна», — камэнтуе на Facebook Тактычная група «Беларусь», добраахвотнікі якой ваююць на Данбасе на ўкраінскім баку, але ня ў складзе Ўзброеных сілаў Украіны.

«Зьмена заканадаўства дае магчымасьць для замежнікаў праходзіць службу ў ЗСУ афіцыйна, — кажа Свабодзе баец Тактычнай групы „Беларусь“ Якуб Хмара. — Мы вырашылі пратэставаць магчымасьці службы ў войску Ўкраіны па кантракце. Вайсковы квіток дае ўсе правы, якія мае ўкраінскі вайсковец: заробак, лячэньне, сацыяльнае забесьпячэньне. Адначасова ён замяняе від на жыхарства, да моманту заканчэньня кантракту».

Пакуль толькі адзін баец Тактычнай групы атрымаў украінскі вайсковы квіток і распачаў службу.

«Калі будзе патрэба, — кажа Хмара, — на кантракт з афіцыйным войскам пойдуць і іншыя. Але пакуль ёсьць магчымасьць ваяваць як цяпер, у якасьці добраахвотнікаў, большасьць застанецца добраахвотнікамі».

Афіцыйная служба, на яго думку, «дае як шэраг плюсаў, так і накладае пэўныя абмежаваньні», а ў добраахвотнікаў «захоўваецца свабода манэўра».

«Існуе вялікая пагроза паўтору ў Беларусі крымскага ці данбаскага сцэнару, мы рыхтуемся да гэтых падзеяў і захоўваем мабільнасьць, — дадае Якуб Хмара. — Мы ведаем, што ў разе небясьпекі нам дапамогуць украінскія добраахвотнікі, але беларускі народ сам павінен бараніць Незалежнасьць. Мы ўсьведамляем, што вырашэньне пытаньня нашай незалежнасьці завязана цяпер на Ўкраіну».