Amnesty International асудзіла прэвэнтыўны нагляд за Вінаградавым

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International асудзіла судовае рашэньне аб прэвэнтыўным наглядзе цягам шасьці месяцаў за актывістам Паўлам Вінаградавым.

Як адзначае Amnesty International, гэтае рашэньне было прынятае 7 чэрвеня 2016 году. Amnesty International заклікае афіцыйны Менск скасаваць прэвэнтыўны нагляд за Вінаградавым, які ўдзельнічаў у «мірных, але не санкцыянаваных пратэстах».

Рашэньне аб прэвэнтыўным наглядзе за Паўлам Вінаградавым было прынята на падставе патрабаваньня крымінальна-выканаўчай інспэкцыі Маскоўскага раёну Менску, якая спаслалася на чатыры адміністрацыйныя парушэньні з боку актывіста з кастрычніка мінулага году, калі скончыўся тэрмін былога нагляду над ім.

Як нагадвае праваабарончы цэнтар «Вясна», Павал Вінаградаў быў двойчы асуджаны за апазыцыйныя дзеяньні. У 2008 годзе яго асудзілі на 2 гады хатняй «хіміі» за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў на плошчы Незалежнасьці, а ў 2011 годзе — на 4 гады зьняволеньня за ўдзел у мітынгу пратэсту супраць фальсыфікацый падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году.

Праз 8 месяцаў зьняволеньня Павел Вінаградаў быў памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам, але пасьля выхаду на волю за ім усталявалі прэвэнтыўны нагляд на 3,5 гады. Падчас гэтага тэрміну Вінаградаў амаль год пражыў у Беразіно, адкуль вярнуўся ў Менск у кастрычніку 2015 году.