Беларусь у сьвеце: шматвэктарны «вожык» 

Які зьнешнепалітычны курс прапанаваў кіраўнік дзяржавы ў сваёй прамове.

Абмяркоўваюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Дракахруст: Які зьнешнепалітычны курс прапанаваў кіраўнік дзяржавы ў сваёй прамове? З прамовы вынікала, што пагрозы паўсюль, але ў прынцыпе Беларусі ўсе сябры. Нейкай скіраванасьці супраць нейкай краіны ці групы краінаў не было. Былі закінутыя некалькі шпілек наконт Эўразійскага эканамічнага саюзу, было сказана пра абмежаваньні ў гандлі, якія захоўваюцца ў рамках саюзу, і пра дублюючыя вытворчасьці, якія будуюцца ў Расеі і Казахстане. Але тон гэтых папрокаў і скаргаў быў значна больш мяккі за той, якім Лукашэнка казаў пра гэта падчас нядаўняга саміту Эўразійскага саюзу ў Астане.

Вельмі цікавая была аргумэнтацыя наконт паляпшэньня адносінаў з Захадам. Было сказана, што гэта нармалізацыя, і што «мы імкнёмся, каб нашы стасункі з Захадам былі такімі ж, як у Армэніі, Расеі, Казахстану». Маўляў, у нас ёсьць люфт да іх узроўню, мы яго і прыбіраем і не зьбіраемся «зьбягаць» ад Расеі.

Даволі значная ўвага была нададзеная ў прамове стасункам з краінамі «далёкай дугі» — Афрыцы і Лацінскай Амэрыцы.

Калі Лукашэнка сказаў пра міжнародныя стасункі, у бок Расеі былі зробленыя паклоны, «наша Расея» і гэтак далей, але што тычыцца канкрэтных эканамічных праектаў, то размова пераважна ішла пра супрацоўніцтва з Кітаем — спадарожнік, крэдыт, тэхналягічны парк «Вялікі камень». А Расея — проста «наша». І ўсё.

Даволі значная ўвага была нададзеная ў прамове стасункам з краінамі «далёкай дугі» — Афрыцы і Лацінскай Амэрыцы.

Цыганкоў: Сапраўды, гэтым разам Лукашэнка казаў пра зьнешнюю палітыку неўласьціва для яго памяркоўна, мякка, неяскрава. Не было рэзкіх заяваў, ён імкнуўся паказаць, што Беларусь з усімі сябруе, усім патрэбная, выступае «спонсарам міжнароднай бясьпекі» — краіна-мара для ўсіх суседзяў.

Звычайных рэвэрансаў у бок Расеі было менш, чым традыцыйна. Здаецца, адзін супольны праект з Расеяй быў усё ж прыгаданы — АЭС, якая будуецца з дапамогай Расеі. Але гэта было сказана з пункту гледжаньня чыста беларускага, што яна патрэбная, каб забясьпечыць энэргетычную самадастатковасьць. Роля Расеі ў будоўлі асабліва не падкрэсьлівалася.

Была пастаўленая ключавая задача — «поўная нармалізацыя адносінаў і выхад на заключэньне базавага пагадненьня паміж Беларусьсю і Эўразьвязам». Ці не ўпершыню пастаўленая канкрэтная мэта.


Таксама было сказана, што больш шырокае супрацоўніцтва з Эўразьвязам адпавядае беларускім нацыянальным інтарэсам, была пастаўленая ключавая задача — «поўная нармалізацыя адносінаў і выхад на заключэньне базавага пагадненьня паміж Беларусьсю і Эўразьвязам». Ці не ўпершыню пастаўленая канкрэтная мэта. Дарэчы, варта сказаць, што прыгаданыя Лукашэнкам Армэнія, Казахстан і Расея падобныя базавыя пагадненьні з ЭЗ даўно маюць.

Карбалевіч: Ня ведаю, як даклад будзе пададзены ў газэтах, але мне здаецца, што разьдзела «замежная палітыка» ў ім увогуле не было. Да замежнай палітыкі Лукашэнка зьвяртаўся два разы: першы ў пачатку, калі казаў, што галоўнае — гэта мір, спакой, і другі — калі казаў пра эканоміку. То бок, замежная палітыка разглядаецца скрозь прызму эканомікі, магчымасьці экспарту. Такі вельмі прыземлены погляд на замежную палітыку.