Відавочца сутычак у Марсэлі: «На гэтай плошчы было шмат лужынаў крыві»

«Адзін з ангельскіх фанатаў выбег з натоўпу, падняў бутэльку і кінуў у рускіх хлопцаў. Але калі ён кідаў, ён ня бачыў, што два рускіх хлопца стаялі ў баку, нібыта ня зь імі, і яны яго тут адразу, на гэтым жа месцы і прыбілі».

Кіяўлянін Раман Міроненка, які больш за год жыве ў Марсэлі, паказвае карэспандэнту «Настоящего времени», дзе і з чаго пачалася бойка паміж расейскімі і ангельскімі фанатамі.

Раман зьдзіўлены бязьдзейнасьцю францускай паліцыі, гвалтам на стадыёне і паводзінамі расейскага міністра спорту Віталя Мутко: «Было бачна, што гэта не фанацкі сэктар, там былі звычайныя „кузьмічы“, і ёсьць такое няпісанае правіла, што хуліганы „кузьмічоў“ не чапаюць. Калі глядзіш фотаздымкі, відаць, што там быў адзін інвалід, нейкія людзі зь дзецьмі... Нават калі і былі нейкія хуліганы або фанаты, дастаткова было іх проста пагнаць, а ня ладзіць цісканіну, у якой могуць пацярпець рэальна невінаватыя людзі. Калі Мутко падышоў да фанацкага сэктару, я думаў, што ён зараз пачне супакойваць людзей, прасіць аб парадку, а ён зрабіў такі жэст, віншуючы зь нічыёй і заахвочваючы тое, што адбываецца, што для мяне было па-за межамі».

Your browser doesn’t support HTML5

"Англичане дали по тапкам"

Суд Марсэлю прысудзіў да тэрмінаў ад аднаго да двух гадоў пазбаўленьня волі трох расейскіх заўзятараў, якія ўдзельнічалі ў сутыкненьнях з ангельскімі заўзятарамі перад і пасьля матчу нацыянальных зборных 11 чэрвеня.

Іх асудзілі па артыкуле «гвалтоўныя дзеяньні з ужываньнем падручных сродкаў у якасьці зброі».

Адзін з асуджаных — кіраўнік аддзелу па працы з заўзятарамі маскоўскага «Лякаматыву» Аляксей Еруноў — атрымаў два гады. Сяргей Гарбачоў атрымаў паўтара года, Мікалай Марозаў — адзін год турмы. Усе яны знаходзіліся ў аўтобусе, які 14 чэрвеня францускія ўлады спынілі ў Лілі. Тады былі затрыманыя 43 грамадзяніна Расеі.

«Памры, памры, памры» — крычалі фанаты і плявалі ў твар зьбітаму ангельцу

Саюз эўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) аштрафаваў Расейскі футбольны саюз (РФС) на 150 тысяч эўра. Сама зборная Расеі ўмоўна дыскваліфікаваная да канца турніру.

51-гадовы ангелец Эндру Бэйч, які пацярпеў падчас беспарадкаў, дагэтуль знаходзіцца ў коме. The Independent паведаміла, што Бэйча ўдарылі некалькі разоў па галаве мэталічным дубцом або малатком. «Гэта была цалкам нічым не справакаваны напад рускіх. Ён атрымаў сур’ёзныя траўмы галавы», — кажа яго сябар Джэй Рыкетс. Другі сябар Бэйча, які пажадаў застацца невядомым, заявіў, што Бэйча ўдарылі па галаве «чатыры ці пяць разоў малатком або жалезным дубцом».