Кнігарня «Галіяфы» пераедзе з Траецкага прадмесьця

Зьміцер Вішнёў

Цяпер кнігарня ў менскім Траецкім прадмесьці закрытая, але неўзабаве яна адкрыецца на новым месцы, а таксама запрацуе ў інтэрнэце.

Ад 13 чэрвеня кнігарня «Галіяфы», што працавала ў менскім Траецкім прадмесьці, зачыненая.

Але, як распавёў Свабодзе дырэктар выдавецтва «Галіяфы» Зьміцер Вішнёў, кнігарня неўзабаве адкрыецца ў новым памяшканьні, таксама цягам месяца запрацуе анлайн-кнігарня.

«Гэта з аб’ектыўных прычынаў — была „непад’ёмная“ арэндная плата, — кажа Вішнёў. — Калі б рабілі платныя мерапрыемствы — гэта адно, але ж мы намагаліся быць гэткім сацыяльным праектам, таму выходзіла цяжка. Але ж выдавецтва працуе, новыя кнігі выходзяць».

Як кажа дырэктар «Галіяфаў», выдавецтва спадзявалася на «адэкватны кошт» арэнды памяшканьня для кнігарні і магчымыя зьніжкі, але цана засталася завялікай. Тым ня менш, кампанія ўжо «на стадыі заключэньня дамоваў» па новым памяшканьні для кнігарні, адрас якога Вішнёў пакуль не называе.