«Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам,» — прэзэнтацыя ў Баранавічах

Некалькі дзясяткаў чалавек наведалі «моўную сустрэчу» з мовазнаўцам Вінцуком Вячоркам на сядзібе Таварыства беларускай мовы ў вёсцы Русіна каля Баранавічаў.

У часе імпрэзы адбылася прэзэнтацыя кнігі «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам» з сэрыі «Бібліятэка Свабоды». Кніга складаецца з артыкулаў вядомага мовазнаўцы ў аднайменнай перадачы на Радыё Свабода.

У часе сустрэчы з баранавіцкімі аматарамі беларускай мовы Вінцук Вячорка працытаваў вытрымкі з сваёй кнігі, зладзіў мовазнаўчую віктарыну і нават даў разгорнуты аналіз баранавіцкай статыстыкі перапісу насельніцтва 2009 году ў аспэктах мовы:

«Колькасьць людзей у Баранавічах, якія лічаць роднай беларускую мову — 81 тысяча 312 чалавек, што складае 48,3%. Гэта неблагі для беларускіх гарадоў паказьнік. Расейская мова — 78 тысяч 835 чалавек — менш! Прычым, зьвярніце ўвагу, у Берасьці — 84 тысячы чалавек назвалі роднай беларускую супраць 209 тысяч за расейскую. У Пінску — 46 на 79... У гэтым сэнсе Баранавічы — вялікі горад вобласьці, дзе людзей з роднай мовай беларускай, нават паводле гэтай спрэчнай фармулёўкі, болей, чым у прыкладна падобных па велічыні гарадах», — распавёў Вінцук Вячорка.

Тэма ўнікальнай баранавіцкай статыстыкі выклікала гарачую дыскусыю. Адныя выказваліся, што дзейнасьць тутэйшай суполкі Таварыства беларускай мовы, адной з актыўнейшых у краіне, дае плён. Іншыя апэлявалі да аргумэнту, што пасьля распаду Савецкага Саюзу з Баранавічаў зьехалі многія сем’і расейскіх вайскоўцаў, а іх месца занялі перасяленцы з традыцыйна высокім адсоткам беларускамоўных носьбітаў зь Ляхавіцкага, Ганцавіцкага, Карэліцкага раёнаў.

Гутарка Вінцука Вячоркі з жыхарамі Баранавіцкага рэгіёну даўжылася некалькі гадзінаў, пасьля чаго мовазнаўца падпісаў удзячным суразмоўцам больш за 30 асобнікаў сваёй кнігі.