У Францыі ўзмоцненыя меры бясьпекі да «Эўра-2016»

«Эўра-2016». Уваходная брама ў фан-зону ў Ліёне, Францыя

Арганізатары рыхтуюцца да сьвята футбола ва ўмовах надзвычайнага становішча ў краіне.

Ліён — У Францыі гатовыя да адкрыцьця футбольнага чэмпіянату «Эўра-2016», які пройдзе на працягу месяца ў дзесяці францускіх гарадах.

У цэлым «Эўра-2016» у Францыі будзе адбывацца пры надзвычайных мерах бясьпекі, якія ўвялі пасьля тэрактаў у Парыжы ў лістападзе. За парадкам будуць сачыць 90 000 паліцэйскіх, вайскоўцаў, жандараў і супрацоўнікаў прыватных ахоўных службаў. Плян антытэрарыстычных мерапрыемстваў прадугледжвае ахову стадыёнаў, фан-зонаў і месцаў збору заўзятараў — такіх, як вакзалы, аэрапорты, грамадзкі транспарт. Акрамя таго, Міністэрства ўнутраных спраў Францыі ўпершыню за ўсю гісторыю буйных міжнародных спартовых спаборніцтваў запусьціла мабільную праграму пад назвай SAIP. Яна паведамляе пра патэнцыйную небясьпеку, а таксама дае парады па дзеяньнях у выпадку нападу.

«Новая мабільная праграма даступная на ўсіх смартфонах. На ёй трэба выбраць месца знаходжаньня, каб яна пасылала вам апошнія паведамленьні пра патэнцыйную небясьпеку. І мы, ва ўрадзе, у Міністэрстве ўнутраных спраў, хочам яе выпрабаваць падчас эўрапейскага чэмпіянату, нягледзячы на рызыкі, зьвязаныя з «Эўра-2016», — распавядае прэфэкт паліцыі Мішэль Дэльпуек.

Пагроза тэрактаў падчас «Эўра-2016» застаецца — Алянд

Паліцэйскі аўтамабіль паблізу фан-зоны ў Ліёне

Асабліва паліцэйскіх турбуюць заўзятары ў фан-зонах. Напрыклад, у Ліёне фан-зона зьмяшчаецца на адной з самых вялікіх плошчаў Эўропы — Бэлькур, і разьлічаная на 20 000 чалавек. Ўваход у яе магчымы толькі праз чатыры брамы, якія абсталяваныя адмысловымі рамкамі бясьпекі. Акрамя таго, ахова фан-зоны ня будзе пускаць заўзятараў з торбамі або заплечнікамі, іх трэба будзе здаваць у камэру захоўваньня.

Аднак узмоцненыя меры бясьпекі і заява францускага прэзыдэнта Франсуа Алянда пра тое, што пагроза тэрактаў падчас «Эўра-2016» застаецца высокай, не спыняюць футбольных заўзятараў, якія ўжо паступова прыбываюць у Ліён і знаёмяцца з горадам.

«Я не магу сказаць, што я баяўся прыехаць сюды, але я разумею, што трэба быць пільным. Калі нешта адбудзецца, то я думаю, што самае галоўнае — заставацца спакойным. Але мы ў Паўночнай Ірляндыі знаёмыя з такімі рэчамі», — распавядае заўзятар Ніл Люіс.

Работнікі транспартнай галіны Францыі абвясьцілі страйк

Ніл Люіс толькі што прыляцеў з Бэлфаста зь сябрамі пахварэць за сваю зборную, якая, дарэчы, менш чым праз тыдзень сустрэнецца з украінскімі футбалістамі на стадыёне ў Ліёне. Але ў нядзелю Ніл накіруецца ў Ніцу, дзе яго зборная будзе гуляць з палякамі.

Група заўзятараў з Паўночнай Ірляндыі

«Мы чулі пра забастоўкі і пра тое, што могуць быць праблемы з Air France і зь цягнікамі, але мы пакуль дакладна ня ведаем, ці закране гэта нас. Спадзяюся, праблема будзе вырашаная, трымаем кулакі » - кажа паўночна-ірляндзкі заўзятар.

Матчы эўрапейскага чэмпіянату павінны наведаць каля 2 мільёнаў заўзятараў. Большасьць зь іх будуць перасоўвацца паміж гарадамі-гаспадарамі «Эўра-2016», у прыватнасьці цягнікамі і самалётамі. Ведаючы пра гэта, работнікі транспартнай галіны абвясьцілі страйк наўмысна падчас эўрачэмпіянату. Такім чынам яны спадзяюцца ціснуць на ўрад для таго, каб ён адмяніў правядзеньне працоўнай рэформы.