Адвакату Эдуарда Пальчыса дагэтуль не далі дазволу на сустрэчу зь ім

Эдуард Пальчыс

Адвакат Ганна Бахціна, якая абараняе Эдуарда Пальчыса, вядомага як блогер Jhon Silver, некалькі месяцаў дабіваецца магчымасьці азнаёміцца з матэрыяламі справы. Яна дагэтуль не змагла наведаць свайго падабароннага ў СІЗА № 1 у Менску.

Ганна Бахціна: «Абарона Пальчыса ў рэжыме чаканьня ў прамым і пераносным сэнсе. У прамым — таму што я так і не атрымала ніякага дазволу яго наведаць. Таму што я фактычна дагэтуль не дапушчаная да ўдзелу па абароне яго правоў у крымінальнай справе. Хаця пагадненьне зь ягонай жонкай заключана ў мяне яшчэ ў сакавіку 2016 году. Мне доўга адмаўляў у гэтым сьледчы, нягледзячы на мае шматразовыя заўвагі і патрабаваньні. Ён казаў: „Дапушчу вас тады, калі палічу патрэбным вас дапусьціць“.

Гэта яшчэ магло быць неяк патлумачана да таго моманту, пакуль яго не экстрадавалі ў Беларусь. У пачатку траўня Генэральная пракуратура Расейскай Федэрацыі прыняла рашэньне аб экстрадыцыі. Я дакладна ведаю, што 26 траўня яго ўжо не было ў Бранску. У яго быў у Расеі адвакат, і 26 траўня ён наведваў Эдуарда, і там яго не было. Стала відавочна, што яго этапавалі. Пасьля гэтага я шмат разоў тэлефанавала сьледчаму і прасіла яго паведаміць майму падабароннаму пра тое, што ў яго ёсьць адвакат, даць мне дазвол на наведваньне. Але нічога не адбылося».

Ганна Бахціна паведаміла, што ў панядзелак Эдуарда Пальчыса адшукалі ў СІЗА № 1 Менску. У Генэральную пракуратуру, якая ініцыявала яго выдачу расейскім бокам, была пададзеная скарга.

«Ужо ведаючы пра тое, што ён знаходзіцца ў СІЗА № 1 на Валадарскага, я ізноў паспрабавала атрымаць дазвол на наведваньне, азнаёміцца з пастановай пра завядзеньне справы, пра затрыманьне, пра прыцягненьне ў якасьці абвінавачанага, з працэсуальнымі дакумэнтамі, якія зьвязаныя з дачай ім паказаньняў, пры якіх я не прысутнічала. Мне было ў гэтым адмоўлена, — працягвае Ганна Бахціна. — Учора (8 чэрвеня — РС.) я напісала скаргу на дзеяньні сьледчага, які вядзе расьсьледаваньне, прыбыла ў Сьледчы камітэт па горадзе Менску і хацела трапіць на прыём да старшыні СК. Але мне сказалі, што ёсьць на гэта вызначаны час, таму я здала скаргу і мяне прыняў іншы кіраўнічы работнік СК, які, калі азнаёміўся са скаргай, літаральна за некалькі хвілін прызнаў яе абгрунтаванай. Было сказана „сёньня-заўтра вы атрымаеце гэты дазвол“. Скарга была адрасаваная начальніку аддзела, у якім працуе сьледчы».

Адвакат кажа, што пасьля таго, як званка не паступіла, яна сама стала званіць па азначаным тэлефоне: «Мне ізноў было сказана „мы разьбярэмся“. Ніхто не разабраўся, і дагэтуль я чакаю дазволу на тое, каб яго наведаць».

Ганна Бахціна зьвяртае ўвагу, што гэтае сытуацыя наўпрост тычыцца рэалізацыі Эдуардам Пальчысам права на абарону.

Ганна Бахціна: «Без дазволу органаў сьледзтва я не магу яго наведаць. Я проста зараз чакаю вырашэньня сваёй пісьмовай скаргі, якую я падала ўчора. Заўтра буду ізноў тэлефаванаваць і патрабаваць вырашэньня сытуацыі. Калі заўтра нічога такога не адбудзецца, я ў панядзелак ізноў напішу скаргу на тое, што скарга, якая вусна была прызнаная абгрунтаванай, ня мае фактычнага вырашэньня, зьвязанага з рэалізацыяй Эдуардам Пальчысам права на абарону».

Раней Сьледчы камітэт паведаміў Радыё Свабода, што ўпраўленьнем Сьледчага камітэту па Менску расьсьледуецца крымінальная справа ў дачыненьні да 25-гадовага ўраджэнца Гарадзенскай вобласьці паводле ч. 1 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасьці або розьні) і ч. 2 арт. 343 (распаўсюджваньне парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

За «распальваньне варожасьці» Пальчысу пагражае арышт на тэрмін да 6 месяцаў ці абмежаваньне альбо пазбаўленьне волі на тэрмін да 5 год. За «распаўсюд парнаграфіі» — пазбаўленьне волі на тэрмін ад двух да чатырох год.

«Вызначана, што падсьледны, зьяўляючыся адміністратарам сайта www.1863x.com, разьмяшчаў на ім матэрыялы, якія ўтрымліваюць прыкметы распальваньня нацыянальнай варожасьці або розьні, а таксама выявы парнаграфічнага зьместу. Гэта пацьвярджаецца вынікамі праведзеных экспэртызаў», — паведамілі ў СК.