Фатограф Матолька вырашыў адсудзіць у БТ 1 рубель

Антон Матолька

У судзе абвешчаны перапынак да 14:20.

Беларускі блогер і фатограф Антон Матолька спрабуе адсудзіць у Белтэлерадыёкампаніі кампэнсацыю за незаконнае выкарыстаньне ягоных фатаздымкаў.

Рашэньне пра зьмяншэньне патрабаваньняў да аднога рубля не зьвязана з тым, што Матолька сумняецца ў сваёй праваце, запэўнівае ён карэспандэнта Свабоды:

«Мэта ўсяго гэтага працэсу – яшчэ раз нагадаць, што красьці фатаздымкі гэта нядобра. Трэба паважаць працу аўтараў твору і прынамсі заўсёды пытаць дазвол перад тым, як публікаваць іх вынік аўтарскай дзейнасьці ў сваіх СМІ. Гэтае рашэньне было прынятае яшчэ месяцы два таму, проста я вырашыў, што заявіць гэта на судзе будзе больш карэктна»

Матолька зьбіраўся атрымаць 20 млн беларускіх рублёў кампэнсацыі за маральную шкоду і 4,2 млн за парушэньне аўтарскіх правоў, але ў час суду заявіў, што хоча адсудзіць толькі кампэнсацыю ў адзін беларускі рубель (верагодна, недэнамінаваны). Таксама Матолька адзначыў, што ў сюжэце БТ пад назвай «Северное сияние цвета белорусского флага» маецца на ўвазе цяперашні афіцыйны сьцяг, тым часам як ён ёсьць прыхільнікам бел-чырвона-белага.

Ён сьцьвярджае, што фотаздымкі зь ягонага допісу ў Livejournal выкарысталі без пазначэньня аўтарства і згоды аўтара. БТ ж сьцьвярджае, што фота ня ёсьць вынікам творчай задумы аўтара. Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька раней заяўляў, што здымкі былі выкладзеныя ў інтэрнэце ў вольным доступе, таму браць іх можна было без дазволу. БТ цяпер не прызнае позву і патрабуе экспэртызу адносна таго, ці ёсьць здымкі Матолькі мастацкім творам.​

Да справы былі далучаныя скрыншоты старонкі, на якой Матолька патрабуе пытаць дазвол на перадрук і іншае выкарыстаньне ягоных фота. БТ сьцьвярджае, што ня бачыла такой забароны пад кожным фота, таму лічыць, што забароны няма, а аўтара фота выявіць было немагчыма.