У Дзярждуме РФ акупантаў Чэхаславаччыны хочуць прыраўняць да вэтэранаў вайны

Пражане і савецкія салдаты, 25 жніўня 1968 году.

Дэпутаты Дзярждумы РФ ад КПРФ прапанавалі ўнесьці папраўку ў закон ад вэтэранах, які б распаўсюджваў гэты статус на ўдзельнікаў уводу войскаў у Чэхаславаччыну і падаўленьне «праскай вясны» у 1968 годзе.

У тлумачальнай запісцы ініцыятары заканадаўчай папраўкі, дэпутаты ад КПРФ Мікалай Каламейцаў, Юры Сіненельшчыкаў і Сяргей Рэшульскі заяўляюць: «У жніўні 2016 года споўніцца 48 гадоў з часу завяршэньня буйнамаштабнай ваенна-стратэгічнай апэрацыі „Дунай“ войскамі дзяржаў-членаў арганізацыі Варшаўскай Дамовы, асноўнай задачай якой была падаўленьне антыдзяржаўнага перавароту ў Чэхаславацкай сацыялістычнай рэспубліцы, які рыхтавала Чэхаславацкая апазыцыя, абапіраючыся на падтрымку заходніх краін».

На тэрыторыі РФ цяпер пражывае каля 20 тысяч чалавек, якія ўдзельнічалі ў падаўленьні «праскай вясны».

Кадр з дакумэнтальнага фільма расейскага ТБ пра "выратавальную" агрэсію Варшаўскай дамовы



Увод войскаў краінаў Варшаўскай дамовы (апэрацыя «Дунай») пачаўся 21 жніўня 1968 году, было уведзена да 500 тысячаў вайскоўцаў. Загінулі 108 чалавек і больш як 500 былі параненыя, з боку вайскоўцаў сілаў Варшаўскай дамовы — 11 загінулі і 87 параненыя.

Акцыі пратэсту супраць ўварваньня. Прага, 21 жніўня 1968



Агульнае палітычнае кіраўніцтва акцыяй на тэрыторыі Чэхаславаччыны ажыцьцяўляў член Палітбюро ЦК КПСС Кірыла Мазураў (былы 1-ы сакратар ЦК КПБ). У апэрацыі ўдзельнічала дывізія транспартнай авіяцыі, якая дыслякавалася ў Віцебску; камандзір дывізіі генэрал Мікалай Зайцаў пазьней атрымаў званьне ганаровага грамадзяніна Віцебска. У Касьцюковічах ўсталяваны бюст камандуючаму паветрана-дэсантнымі войскамі СССР генэралу Васілю Маргелаву — адзінаму савецкаму генэралу, які ў часе апэрацыі «Дунай» аддаў сваім войскам загад страляць па мірных грамадзянах на паражэньне. У Віцебску імем Маргелава названая вуліца.