Караткевіч-дэпутат значна аслабіць апазыцыю, — Казакевіч

Тацяна Караткевіч

Партыя БНФ абнародавала тэкст выбарчай плятформы «Для Беларусаў!», зь якой плянуе ісьці на парлямэнцкія выбары, вылучыўшы болей за 70 кандыдатаў.

У плятформе гаворыцца, што Партыя БНФ заклікае да адмовы ад новых збораў і падаткаў, прыватызацыі дзяржмаёмасьці, падтрымкі бізнэсу, выхаду з Эўразійскага саюзу, адмовы ад замежных вайсковых аб’ектаў, вяртаньня прыватнай уласнасьці на зямлю, дывэрсыфікацыі паставак энэргарэсурсаў, падтрымкі інстытуту сям’і, здаровага ладу жыцьця, абароны навакольнага асяродзьдзя, падтрымкі беларускай мовы і культуры.

Цяпер кіраўніцтва Партыі БНФ гаворыць пра 73 прэтэндэнты на дэпутацкі мандат, але дадае, што бліжэй да пачатку кампаніі іх можа стаць болей. У любым разе, гэта будзе самы масавы паход партыі БНФ на парлямэнцкія выбары. Усе папярэднія кампаніі пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі не прызнаваліся сумленнымі і дэмакратычнымі, і кандыдаты ад БНФ на іх не перамагалі:

«На што мы разьлічваем? Зразумела, мы не спадзяемся, што ў Беларусі адбудуцца сапраўдныя выбары. Мы лічым, што гэта звычайная выбарчая кампанія, якую мы будзем выкарыстоўваць для папулярызацыі нашых ідэяў, у тым ліку і плятформы „Для Беларусаў!“. Калі б выбары былі справядлівыя і быў бы рэальны падлік галасоў, то шэраг нашых кандыдатаў сталі б дэпутатамі. Але зразумела, што мы не спадзяемся на гэта, бо выбары адбудуцца па звычайнай схеме».

Палітоляг Андрэй Казакевіч кажа, што такі падыход, калі партыя ідзе на выбары, будучы перакананай у нерэальнасьці станоўчага выніку, прадыктаваны пастаўленай мэтай — папулярызаваць свой брэнд і праграму:

Андрэй Казакевіч

«Палітычныя партыі ствараюцца для таго, каб уплываць на палітыку ў краіне. Для гэтага партыя можа выкарыстоўваць розныя мэханізмы. Калі Партыя БНФ лічыць, што выбараў няма, яна скарыстоўвае мэханізмы, якія мае, — агучыць сваю праграму, мабілізаваць нейкую частку выбаршчыкаў, прапанаваць альтэрнатыву. Агулам гэта вырашэньне лякальнай задачы, якая ставіцца з прычыны неспрыяльнага асяродзьдзя, у якім даводзіцца працаваць, і недахопу арганізацыйных і матэрыяльных рэсурсаў, які не дазваляе разгарнуць шырокую кампанію».

Андрэй Казакевіч патлумачыў, чаму некаторыя прадстаўнікі апазыцыі вельмі скептычна ставяцца да ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах лідэраў кампаніі «Гавары праўду» Тацяны Караткевіч і Андрэя Дзьмітрыева:

«Я лічу, што некаторым партыям не падабаецца, што для Караткевіч могуць быць створаныя нейкія адмысловыя правілы, з улікам якіх яна пройдзе ў парлямэнт ці ўвогуле будзе прызначаная адміністратыўным чынам. Такім чынам будзе парушаны балянс на апазыцыйным полі. У выніку зьяўленьня пазнавальнага апазыцыйнага дэпутата ў парлямэнце значна аслабіцца пазыцыя іншых апазыцыянэраў, якія страцяць і без таго малую магчымасьць уплываць на ўнутрыпалітычную сытуацыю, а таксама вагу на міжнароднай арэне. Але наколькі гэта апраўдана, наколькі можна гарантаваць, што Караткевіч ці Дзьмітрыеў стануць дэпутатамі, цяпер рана казаць. Выглядае, што гэтае пытаньне яшчэ ня вырашанае».