У Пружанах ладзяць «Ноч вышыванкі» і карагод пад фаер-шоў

Музэй-сядзіба «Пружанскі палацык»

27 траўня музэй-сядзіба «Пружанскі палацык» арганізуе «Ноч вышыванкі», прысьвечаную міжнароднай акцыі «Ноч музэяў».

Як распавёў Свабодзе дырэктар музэю Юры Зялевіч, у часе імпрэзы адбудзецца канцэрт у фолькавым стылі, майстар-клясы народных майстроў вышыванкі, этна-аквагрым, беларуская кнігарня, этна-кавярня, карагод пад фаер-шоў.

Юрый Зялевіч, дырэктар музэю «Пружанскі палацык»

«Будуць нашы калектывы — народны ансамбаль „Бабіна лета“ зь вёскі Аранчыцы, мясцовы гурт „Смаляначка“ і менскі гурт „На таку“. Таксама, прыме ўдзел фальклёрны калектыў дзіцячай школы мастацтваў імя Рыгора Шырмы. Мясцовыя майстры будуць з раённага дому рамёстваў, зладзяць майстар-клясы. Этна-аквагрым будзе выконваць народны майстар Беларусі Марыя Кулецкая. Будзе аўтэнтычная музыка, старадаўні фальклёр.

У нас заўсёды так атрымліваецца, што праводзім „Ноч музэяў“ крыху пазьней, таму што звычайна ў траўні ў раёне шмат розных мерапрыемстваў. Але мы даўно хацелі зрабіць „Ноч музэяў“ у такім нацыянальным калярыце, у этна-стылі,» — кажа Юры Зялевіч.

Імпрэза пачнецца 27 траўня а 18.30. У часе імпрэзы можна будзе набыць адзеньне ў нацыянальным стылі, сувэніры.

Плякат акцыі «Ноч вышыванкі»