Журналістку Радыё Свабода Хадзіджу Ісмаілаву вызвалілі

Як паведамляе наш карэспандэнт, сёньня суд у Баку, разглядаючы апэляцыю азэрбайджанскай журналісткі Хадзіджы Ісмаілавай, прыняў рашэньне вызваліць яе з адтэрміноўкай выкананьня прысуду.

Вярхоўны суд Азэрбайджану распарадзіўся вызваліць з-пад варты журналістку Хадзіджу Ісмаілаву пасьля таго, як яе прысуд быў паніжаны зь сямі з паловай да трох з паловай гадоў.

Журналістку азэрбайджанскай службы Радыё Свабода Хадзіджу Ісмаілаву, арыштаваную ў пачатку сьнежня 2014 году, у верасьні 2015 году прысудзілі да сямі з паловай гадоў турмы па абвінавачаньнях у эканамічных злачынствах — крадзяжах, перавышэньні службовых паўнамоцтваў, нелегальным прадпрымальніцтве і ўхіленьні ад выплаты падаткаў. Падчас працэсу Ісмаілава адхіліла ўсе абвінавачаньні, назваўшы іх палітычна матываванымі.

Your browser doesn’t support HTML5

Хадиджа Исмайлова

Паводле Ісмаілавай, улады адпомсьцілі ёй за журналісцкія расьсьледаваньні фактаў карупцыі ў вышэйшых эшалёнах улады Азэрбайджану.

«Гэта вялікі дзень для Хадзіджы і для ўсіх журналістаў, і для свабоды слова ва ўсім сьвеце, — заявіў галоўны рэдактар Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа Нэнад Пеіч. — Мы надзвычай радыя за Хадзіджу і яе сям’ю і ня можам дачакацца, калі яна вернецца да працы».