Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган паставіў пад пагрозу выкананьне зьдзелкі з ЭЗ па ўцекачах у абмен на скасаваньне віз.
Выступаючы на саміце ААН па гуманітарных пытаньнях у Стамбуле ў аўторак, 24 траўня, ён заявіў: «Калі візавай лібэралізацыі ня будзе, то парлямэнт Турэцкай Рэспублікі ня прыме ніякага рашэньня і ніякага закону ў рамках пагадненьня аб рэадмісіі». Эрдаган дадаў, што турэцкія міністры «працягнуць перамовы з эўрапейцамі». «Калі гэта прывядзе да нейкага выніку, выдатна. Калі не, мне шкада», — адзначыў кіраўнік турэцкай дзяржавы. Акрамя таго, Эрдаган падкрэсьліў, што Анкара пакуль не атрымала фінансавай дапамогі Эўразьвязу, абяцанай ў рамках пагадненьня.
Паводле падпісанага 18 сакавіка пагадненьня, усе ўцекачы, якія нелегальна прыбылі марскім шляхам да берагоў Грэцыі, павінны быць адпраўлены назад у Турэччыну. Пры гэтым за кожнага мігранта, які вярнуўся з Грэцыі ў Турэччыну, краіны ЭЗ прымуць па адным сырыйскім уцекачы з турэцкай тэрыторыі. Акрамя таго, Брусэль пагадзіўся даць Анкары 6 млрд эўра — гэтая сума павінны пайсьці на патрэбы ўцекачоў.
Складовай часткай дамовы паміж Эўразьвязам і Анкарой быў бязьвізавы рэжым з Турэччынай да ліпеня 2016 году. Для гэтага турэцкія ўлады павінны былі выканаць 72 умовы, пастаўленых перад імі Эўракамісіяй. У траўні эўрапейскія палітыкі неаднаразова заяўлялі, што гэтыя патрабаваньні ня выкананыя і, такім чынам, адмена візаў пакуль немагчымая.
Пра гэта інфармуе «Нямецкая хваля».
Прэзыдэнт Турэччыны абвясьціў, што зьдзелка па уцекачах будзе заблякаваная, пакуль Эўразьвяз не забясьпечыць прагрэс у візавай лібэралізацыі для турэцкіх грамадзян.