У Кіеве пратэстуюць супраць магчымых выбараў у Данбасе

Сваю акцыю «азоўцы» называюць папераджальнай.

Некалькі тысяч прыхільнікаў грамадзянскага руху і палка «Азоў» правялі марш у цэнтры Кіеву пад лёзунгам «Патрабаваньне нацыі — не капітуляцыі!» і цяпер пікетуюць Вярхоўную Раду. Сваю акцыю «азоўцы» называюць папераджальнай.

Яны заклікаюць украінскія ўлады не дапусьціць правядзеньня мясцовых выбараў на акупаваных тэрыторыях Данбасу без папярэдняга раззбраеньня там незаконных узброеных фарміраваньняў і аднаўленьня Кіевам кантролю над мяжой з РФ.

Удзельнікі акцыі трымаюць сьцягі «Азова» і дзяржаўныя сьцягі Ўкраіны. Некаторыя актывісты падпальваюць фаеры. Будынак Рады ахоўваюць ня менш за тысячу спэцназаўцаў паліцыі і Нацыянальнай гвардыі. Яны стварылі тры кардона бясьпекі вакол будынка парлямэнту, відавочна. Пікетоўцы заяўляюць, што штурм Рады не ўваходзіць у іх пляны.

«Калі выбары ў Данбасе пройдуць — мы іх адтуль вынесем!», — так заявіў дэпутат Вярхоўнай Рады, адзін з заснавальнікаў палка «Азоў» Андрэй Бялецкі, прагназуючы лёс дэпутатаў, калі выбары на акупаваных тэрыторыях адбудуцца на ўмовах Расеі. Як падкрэсьліў Бялецкі, выбары ў Данбасе магчымыя толькі ў тым выпадку, калі «ўсходнюю мяжу краіны будуць кантраляваць вайскоўцы ВСУ і ўкраінскія памежнікі».

У АБСЭ напярэдадні паведамілі, што разглядаюць магчымасьць адпраўкі паліцэйскай узброенай місіі ў кантраляваныя сэпаратыстамі раёны Данбасу на пэрыяд правядзеньня там мясцовых выбараў.

Украіна падтрымлівае адпраўку ўзброенай паліцэйскай місіі ў Данбас, а Расея і сэпаратысты выступаюць супраць. Афіцыйны Кіеў ня раз заяўляў, што выбары на непадкантрольных ім тэрыторыях могуць адбыцца толькі пасьля разгортваньня міжнароднай паліцэйскай місіі АБСЭ ў Данбасе, вываду адтуль расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі і аднаўленьня ўкраінскага кантролю над усходняй мяжой, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода Ўладзімер Івахненка.

Раней кіраўнік дзяржавы Пётр Парашэнка ня выключыў, што выбары на тэрыторыях непадкантрольных Украіне Данецкай і Луганскай абласьцей могуць адбыцца да канца сёлетняга году. Пакуль невядома, калі Вярхоўная Рада будзе разглядаць адпаведны закон.