Гэты ўчастак пляжу перадаецца фонду музыканта, набліжанага да Ўладзіміра Пуціна, бясплатна на пяць гадоў.
Як паведамляецца на сайце заканадаўчага сходу Краснадарскага краю, частка сочынскага пляжу перадаецца фонду Сяргея Ралдугіна «Талант і посьпех» у бязвыплатнае карыстаньне з 1 траўня 2016 да 1 траўня 2020 году. У пастанове адзначаецца, што рашэньне прынятае ў мэтах «арганізацыі пляжнага адпачынку і разьвіцьця санаторна-курортнага комплексу Краснадарскага краю».
Віялянчэліст Сяргей Ралдугін стаў шырока вядомым пасьля публікацыі дакумэнтаў «Панамскага архіву», паводле якіх блізкі сябар Уладзіміра Пуціна валодаў афшорамі, празь якія з Расеі вывелі каля двух мільярдаў даляраў. Нядаўна Ралдугін узяў удзел у канцэрце расейскіх музыкантаў у сырыйскай Пальміры, пасьля таго, як яна была вызваленая ад баевікоў «Ісламскай дзяржавы».