Заходнія СМІ заклікалі не дапусьціць удзелу Расеі ў Алімпіядзе 2016

Газэты ЗША і Канады заклікаюць забараніць удзел расейскіх спартсмэнаў на Алімпіядзе ў Рыё-дэ-Жанэйра.

Адна зь вядучых амэрыканскіх газэт «Чыкага Трыб’юн» выйшла ў панядзелак з рэдакцыйным артыкулам з заклікам не дапусьціць удзелу расейскіх спартоўцаў у Алімпіядзе ў Рыё-дэ-Жанэйра.

«Гэтая забарона стане сур’ёзным ударам па Расеі і асабліва па Крамлі, які адчувае асалоду, знаходзячыся ў цэнтры міжнароднай увагі». Стаўкі, на думку газэты, вельмі высокія: гэта і абарона тых спартоўцаў, хто спаборнічае сумленна, гэта і сыгнал тым, хто выкарыстоўвае допінг пра тое, што такія дзеяньні будуць мець наступствы, гэта і напамін Расеі аб тым, што ёй не дамагчыся гэтак жаданага міжнароднага прызнаньня з дапамогай хлусьні.

Вядучая канадзкая газэта «Глоўб энд Мэйл» задаецца пытаньнем: ці трэба выключыць Расею зь ліку ўдзельнікаў летняй Алімпіяды ў Рыё? «Адказ — так, — гаворыцца ў рэдакцыйным артыкуле. — Хоць забарона на ўдзел усёй дэлегацыі была б несправядлівай. Лучнікі і яхтсмэны не павінны расплачвацца за грахі свайго ўраду ў дачыненьні да іншых відаў спорту. Калі на коне нацыянальны прэстыж і гіганцкае ўзнагароджаньне ў дзяржаваў і ў спартсмэнаў зьяўляюцца магутныя стымулы да падману. Жорсткія санкцыі могуць быць найлепшай зброяй, але яны рэдка выкарыстоўваліся».

Гэтыя артыкулы сталі рэакцыяй на публікацыю ў газэце «Нью-Ёрк Таймс» інтэрвію з Грыгорыем Родчанкавым, былым дырэктарам антыдопінгавай лябараторыі, якая праводзіла тэставаньне расейскіх спартоўцаў, якія ўдзельнічалі ў сочынскай Алімпіядзе. Паводле яго слоў, яны шырока выкарыстоўвалі допінг, але вынікі тэставаньня фальсыфікаваліся дзякуючы спэцыяльнай сыстэме, створанай пры ўдзеле ФСБ.