Слуханьні па справе Букоўскага перанесеныя. Ён спыніў галадоўку

Уладзімір Букоўскі

Сёньня Каралеўскі суд Кэймбрыджу адклаў да 12 сьнежня слуханьні па справе былога савецкага палітвязьня Уладзіміра Букоўскага, які абвінавачваецца ў распаўсюдзе дзіцячай парнаграфіі.

Букоўскі, які да гэтага трымаў галадоўку, заявіў, што яго патрабаваньні задаволены і таму ён перастае галадаць.

Больш за тры тыдні таму Букоўскі абвясьціў галадоўку на знак пратэсту супраць дзеяньняў брытанскіх уладаў, якія, як лічыць 72-гадовы дысыдэнт, спрабуюць ачарніць яго імя. Букоўскі падаў у пракуратуру сустрэчны пазоў аб паклёпе. Ён разьлічваў, што слуханьні пройдуць раней, чым пачнецца суд па абвінавачваньнях у дзіцячай парнаграфіі. Аднак разгляд яго пазову неаднаразова пераносіўся.

Уладзімір Букоўскі — адзін з тых, хто абвінавачвае Крэмль у дачыненьні да забойства былога супрацоўніка расійскіх спэцслужбаў Аляксандра Літвіненкі, атручанага палоніем-210 у Лёндане ў 2006 годзе.

Букоўскі выказвае здагадку, што былыя супрацоўнікі сакрэтных службаў былых камуністычных краін могуць мець дачыненьне і да ўзбуджанай супраць яго ў Вялікабрытаніі крымінальнай справе.

72-гадовы Уладзімір Букоўскі быў апанэнтам выкарыстаньня прымусовага псыхіятрычнага лячэньня ў СССР і правёў 12 гадоў у савецкіх турмах і лягерах. У 1976 годзе ён быў абменены на чылійскага камуніста Луіса Карвалана і выехаў на Захад. Вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты Расеі на выбарах 2008 году, аднак яго кандыдатура не была зарэгістраваная.