Зянон Пазьняк пра экскаватары і магілу сваякоў Улашчыка на Лютэранскіх могілках

Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, мастацтвазнавец, фотамастак і археоляг Зянон Пазьняк прыслаў на Радыё Свабода свой водгук на канчатковае разбурэньне аднаго з найстарэйшых нэкропаляў Менску — былых Лютэранскіх могілак у раёне вуліцы Кала Лібкнэхта:

«У 60-х гадах я апісваў і фатаграфаваў помнікі і надмагільлі Лютэранскіх могілак у Менску (а таксама потым іх разбурэньне гарадзкімі савецкімі ўладамі; пісаў у інстанцыі аб захаваньні магільніка).

Там пахавана шмат вядомых у Менску людзей, і ня толькі лютэранаў, былі маестатычныя помнікі (каванае жалеза і чыгуннае ліцьцё, мармур, граніт, лябрадарыт), эпітафіі па-нямецку і па-беларуску. У прыватнасьці там пахаваныя бацька і сваякі вядомага беларускага вучонага Мікалая Улашчыка (усё зьнятае). Вечная памяць. (І бяспамятным варварам таксама)».

Частка Лютэранскага сквэру ў Менску была зьнішчана падчас прац па пашырэньні вуліцы Карла Лібкнэхта. Вуліца мае стаць дублёрам праспэкту Дзяржынскага. Падчас пракладкі кабэляў экскаватары выцягвалі парэшткі шкілетаў і крыжы, потым іх вывозілі на Паўночны палігон бытавога сьмецьця. Сам сквэр быў закладзены ў 1970-я на месцы зьнесеных Лютэранскіх могілак, што існавалі ў Менску зь сярэдзіны 19-га стагодзьдзя. Магільныя пліты былі перанесеныя, а гэтае месца пераабсталявалі ў зону адпачынку для жыхароў раёну.

Сёньня стала вядома, што працы прыпыненыя, бо знойдзенымі парэшткамі зацікавіліся сьледчыя органы. Такое патрабаваньне заканадаўства.