Трамп і Сандэрс атрымалі перамогу на чарговых праймэрыз

Рэспубліканец Дональд Трамп і дэмакрат Бэрні Сандэрс сталі пераможцамі на чарговых першасных партыйных выбарах, якія былі праведзеныя 9 траўня.

Дональд Трамп, які застаўся адзіным прэтэндэнтам на намінацыю ў прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі, перамог на праймэрыз у Заходняй Вірджыніі і Нэбрасцы. Бэрні Сандэрс атрымаў перамогу над Гілары Клінтан у Заходняй Вірджыніі. Ён набраў крыху больш за 50% галасоў, значна апярэдзіўшы Гілары Клінтан.

«Да гэтага моманту мы выйгралі першасныя выбары і галасаваньні ў 19 штатах. І я заяўляю з усёй выразнасьцю: мы вядзем кампанію з тым, каб дамагчыся намінацыі ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі» — абвясьціў Бэрні Сандэрс на мітынгу сваіх прыхільнікаў пасьля перамогі ў Заходняй Віргініі. Аднак у яго практычна няма шанцаў атрымаць неабходную для намінацыі колькасьць галасоў дэлегатаў зьезду Дэмакратычнай партыі, на якім будзе зацьвярджацца кандыдат партыі ў прэзыдэнты.

Нечаканасьцю на выбарах у Заходняй Віргініі сталі вынікі апытаньня выбаршчыкаў-дэмакратаў. Паводле апытаньня, праведзенага CNN, больш за 30 працэнтаў зь іх прагаласуюць на ўсеагульных выбарах за Дональда Трампа, калі яго супернікам будзе Гілары Клінтан.