Вяртаньне легенды студэнцкага руху — #студэнтысупраць аднавілі ЗБС

Задзіночаньне беларускіх студэнтаў перазапускаецца — і запускае сыстэму маніторынгу «Вока», якая будзе ня толькі фіксаваць парушэньні правоў студэнтаў, але і дапаможа зь імі змагацца.

Задзіночаньне беларускіх студэнтаў адрадзілася. Ці, іначай кажучы, яго паглынуў рух #студэнтысупраць, што паўстаў летась на хвалі пратэстаў супраць платных пераздач у БДУ. Арганізацыя з амаль 30-гадовай гісторыяй зьбіраецца працягнуць змагацца за правы студэнтаў і атрымаць страчаную 15 год таму рэгістрацыю. Напрамкі дзейнасьці — правы студэнтаў, студэнцкія СМІ і культура ды асьвета.

Хто гэтыя людзі і колькі іх?

Яўген Міхасюк

Адноўленае актывістамі #студэнтысупраць Задзіночаньне абрала пяць чалавек у раду; новы старшыня — 21-гадовы актывіст студэнцкага руху Яўген Міхасюк, які раней пасьпеў адзначыцца ўдзелам у стварэньні Рэспублікі Мары ў межах летніка «Рэмары» ў 2014 годзе. На значку старшыні ЗБС — надпіс «Гонар. Радзіма. Свабода». Абноўлены сайт ЗБС месьціцца цяпер па адрасе zbsunion.by.

Задзіночаньне заяўляе, што ўжо сабрала дакумэнты для дзяржаўнай рэгістрацыі — спачатку як асьветніцкая арганізацыя, потым як моладзевае аб’яднаньне. Амаль гатовы да друку адроджаны часопіс «Студэнцкая думка». На сёньня ў адроджаным ЗБС толькі некалькі дзясяткаў актывістаў, ды ўжо ў першы месяц дзейнасьці Задзіночаньне разьлічвае на тысячу ўдзельнікаў. Тым больш, каб стаць сябрам ЗБС, дастаткова зарэгістравацца на сайце.

Чым яны дапамогуць?

Алена Доўнар

Разам са стварэньнем мэдыйнага поля студэнтаў і дапамогай у самаразьвіцьці і ініцыятывах ЗБС абяцае займацца сапраўднымі праблемамі студэнтаў — парушэньнем іхных правоў. Ключавым напрамкам дзейнасьці называюцца «Адвокасі кампаніі» — кампаніі па абароне правоў студэнтаў, прыцягненьне ўвагі да праблемаў студэнтаў.

ЗБС плянуе запусьціць «Вока» — сыстэму маніторынгу за парушэньнямі правоў ва ўнівэрсытэтах праз ананімныя апытаньні і сетку студэнтаў-назіральнікаў. Сыстэма абяцае ня толькі фіксаваньне парушэньняў, але і дапамогу ў рашэньні праблемаў, інфармаваньне пацярпелых аб іх сапраўдных правах (а многія, кажуць у ЗБС, нават не разумеюць, што тымі ці іншымі дзеяньнямі ўнівэрсытэты парушаюць іхныя правы), распрацоўку рашэньня юрыдычна-аналітычным аддзелам ды афіцыйныя скаргі ў адміністрацыі ўнівэрсытэтаў. Калі праблема будзе масавая і ня вырашыцца перамовамі — абяцаюць масавыя кампаніі.

Нарэшце, па выніках працы і круглых сталоў ЗБС зьбіраецца вызначыць «10 тэзісаў студэнтаў» — галоўных праблемаў культурнага, прававога і адукацыйнага поля, і па іх ладзіць асобныя кампаніі.

А калі за гэта адлічаць з ВНУ?

За ўдзел у любых кампаніях студэнта могуць лёгка адлічыць — нават пасьпяховых, як Пятро Маркелаў, адлічвалі за «акадэмічную непасьпяховасьць» ці пропускі, студэнцкія акцыі называлі «дэструктыўнымі працэсамі», а незалежныя студэнцкія арганізацыі — «незаконнымі». Дык што рабіць, калі запісаўся ў Задзіночаньне, а цябе адлічваюць?

«Студэнцкі саюз павінен бараніць усіх сваіх чальцоў, — пераконвае Міхасюк карэспандэнта Свабоды. — У першую чаргу мы заклікаем добра вучыцца, бо калі добра вучысься, праблемаў з вучобай быць амаль не павінна. Калі праблемы ўсё ж адбываюцца, то будзе найперш юрыдычная дапамога. Разам зь юрыстамі паспрабуем прааналізаваць сытуацыю, якая адбылася, і паглядзець, ці не парушаныя правы студэнтаў. Бо часта бывае так, што студэнтаў выключаюць менавіта таму, што яны ня ведаюць свае правы, і працэс выключэньня ладзіцца з парушэньнямі.

Таксама будзем падключаць усіх партнэраў, як у Беларусі, так і зь міжнароднай супольнасьці, каб прыцягнуць да кожнага выпадку шмат увагі. Бо калі ўнівэрсытэт будзе адчуваць, што за ім назіраюць, тое ж «Вока», калі ўнівэрсытэт будзе разумець, што парушэньні ня сыдуць яму з рук, то ён будзе спрабаваць парушаць менш.

І ў самым горшым варыянце, калі студэнта ўсё ж адлічылі, а мы ня здолелі абараніць, будзем спрыяць таму, каб студэнт знайшоў сябе ў іншых унівэрсытэтах, мо нават за межамі Беларусі. Але мы хочам, каб студэнты вучыліся ў Беларусі, і прыкладаем да таго ўсе намаганьні.

Калі было ЗБС?

Уладзімер Махнач

Задзіночаньне беларускіх студэнтаў паўстала ў канцы 1980-х гадоў зь нефармальных студэнцкіх аб’яднаньняў і мела антысавецкія настроі. У незалежнай Беларусі яно ў 1992 годзе атрымала дзяржаўную рэгістрацыю, ладзіла канфэрэнцыі і сустрэчы, выдавала рок-альбомы і слоўнікі. У 1999-м стала сябрам рады Эўрапейскага аб’яднаньня студэнтаў (ESU), дзе дагэтуль мае два галасы.

У «нулявых» ЗБС стала фактычна пратэстным рухам — было пазбаўленае дзяржрэгістрацыі ў 2001-м, але працягвала дзейнасьць, у розны час рабіла праекты па студэнцкім самакіраваньні, распрацавала (актуальную і сёньня) Дэклярацыю правоў студэнтаў, ладзіла акцыі «Хочам вучыцца па-беларуску», «Ільготы кожны тыдзень» супраць скасаваньня льготаў студэнтам, «Не заганяйся!» супраць загнаньня на датэрміновае галасаваньне, рабіла конкурс творчасьці «Голая студэнцкая праўда» і конкурс вершаў «Незавершанасьць», выдавала часопіс «Студэнцкая думка» і «Студэнцкую газэту».

Актыўнасьць ЗБС згасла пад канец «нулявых», практычна спынілася пасьля 2014 году. Але незалежна ад Задзіночаньня ў 2015 годзе паўстаў рух #студэнтысупраць — студэнтам, здаецца, не спадабаліся нават ня столькі платныя пераздачы ў БДУ, колькі тое, што іх увялі, не спытаўшы іх, не паслухаўшы іх меркаваньня. Пратэсты завяршыліся вулічнай акцыяй, ды не прынесьлі перамогі ў пытаньні платных пераздач. Цяпер актывісты #студэнтысупраць узяліся за адраджэньне найстарэйшай арганізацыі Беларусі.