Расейскі зьнішчальнік зьдзейсьніў небясьпечны манэўр вакол амэрыканскага самалёта

Ілюстрацыйнае фота. Расейскі ваенны самалёт зьдзяйсьняе аблёт амэрыканскага эсьмінца «Дональд Кук»

Расейскі зьнішчальнік зьдзейсьніў у пятніцу небясьпечны аблёт амэрыканскага выведвальнага самалёта ў міжнародным паветранай прасторы над Балтыйскім морам, заявілі ў аўторак прадстаўнікі Пэнтагону.

Расейскі Су-27 выканаў, так званую «паветраную бочку» над амэрыканскім RC-135, апынуўшыся падчас гэтага манэўру на адлегласьці сямі з паловай мэтраў ад амэрыканскага самалёта. «У выніку гэтага небясьпечнага і непрафэсійнага паветранага перахопу траўмы і раненьні маглі атрымаць экіпажы абодвух самалётаў, — заявіў прадстаўнік Пэнтагону Дэніэл Фэрнандэс. — Што больш важна, непрафэсійныя дзеяньні расейскага пілёта патэнцыйна маглі прывесьці да непатрэбнай эскаляцыі напружанасьці ў адносінах паміж дзьвюма краінамі».

Гэта трэці за апошнія тры тыдні падобны эпізод. 12 красавіка расейскі ваенны самалёт зьдзейсьніў некалькі аблётаў амэрыканскага эсьмінца «Дональд Кук», які знаходзіўся ў Балтыйскім моры. 14 красавіка расейскі зьнішчальнік перахапіў амэрыканскі самалёт-выведнік. Падобныя эпізоды, па словах амэрыканскіх прадстаўнікоў, рэзка пачасьціліся пасьля анэксіі Расеяй Крыму.

Афіцыйныя расейскія прадстаўнікі адпрэчваюць абвінавачваньні ў тым, што расейскія лётчыкі паводзяць сябе непрафэсійна і зьдзяйсьняюць небясьпечныя манэўры ў паветры. Амэрыканскія аналітыкі папярэджваюць аб тым, што падобныя інцыдэнты могуць прывесьці да канфрантацыі паміж ЗША і Расеяй.