Сястру Надзеі Саўчанкі выпусьцілі з Расеі

Вера Саўчанка — сястра ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі — зьехала з Расеі.

Пра гэта ў Твітэры паведаміў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка са спасылкай на генэральнага консула краіны ў Растове-на-Доне.

У ноч на 28 красавіка расейскія памежнікі не прапусцілі машыну генконсульства Ўкраіны зь Верай Саўчанкай празь мяжу, заявіўшы, што сястра асуджанай у Расеі ўкраінскай лётчыцы знаходзіцца ў фэдэральным вышуку з-за абразы вярхоўнага судзьдзі Грознага падчас паседжаньня па справе ўкраінцаў Станіслава Клыха і Мікалая Карпюка.

Вера Саўчанка неаднаразова арганізоўвала акцыі ў падтрымку сястры, у тым ліку ў Новачаркаску, каля сьценаў сьледчага ізалятара.