Падкантрольны РФ суд забараніў Мэджліс крымскататарскага народу

Акцыя супраць дзейнасьці Мэджлісу крымскіх татараў у Сімферопалі

Суд прызнаў Мэджліс экстрэмісцкай арганізацыяй.

Вярхоўны Суд анэксаванага Расеяй Крыму забараніў Мэджліс крымска-татарскага народа, прызнаўшы яго экстрэмісцкай арганізацыяй.

Такім чынам быў задаволены запыт крымскага пракурора Натальлі Паклонскай, якая абвінаваціла Мэджліс ў антырасейскай дзейнасьці на карысьць Захаду.

Адказчык па гэтай справе — першы намесьнік кіраўніка Мэджліса крымскіх татараў Нарыман Джэлялаў заявіў, што члены Мэджлісу будуць падаваць апэляцыю.

Раней Украіна, ЭЗ і ЗША і міжнародныя праваабаронцы выказвалі абурэньне ў сувязі з рашэньнем расейскіх уладаў ўнесьці прадстаўнічы орган крымскіх татараў у сьпіс экстрэмісцкіх арганізацый.

Супраць цяперашняга і ранейшага лідэраў Мэджліса — дэпутатаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны Рефата Чубарава і Мустафы Джемілева распачатыя крымінальныя справы расійскімі ўладамі, якія абвінавачваюць іх у дачыненьні да энэргетычнай блякады паўвыспы.

10-13 адсоткаў амаль двухмільённага насельніцтва Крыма — крымскія татары.