Юля Сьцяпанава абвясьціла галадоўку ў знак салідарнасьці з Надзеяй Саўчанкай

Юля Сьцяпанава, архіўнае фота

Актывістка «Эўрапейскай Беларусі» трымае галадоўку з 18 красавіка. Яна ня можа ўдзельнічаць у пікетах у падтрымку Саўчанкі, бо даглядае малую дачку.

«Я не высоўваю ніякіх патрабаваньняў. Гэта проста мой знак салідарнасьці з Надзеяй Саўчанкай. З абʼектыўных прычын я не магу прысутнічаць на пікетах, якія ладзяць у Менску актывісты ў падтрымку ўкраінскай лётчыцы. Але мне вельмі хочацца падтрымаць чалавека, і я вельмі шчыра перажываю за яе, ведаю, што здароўе Надзеі вельмі моцна пагаршаецца».

Юля Сьцяпанава кажа, што яна нічога ня есьць, але пʼе ваду. І што пэўна будзе галадаць да Вялікадня.

«Сухую галадоўку я дакладна не пацягну, я нават пра гэта і ня думала. Я проста адмаўляюся ад ежы, пляную ня есьці да канца Вялікага Паста. Пакуль усё нармальна, есьці ня хочацца. У мяне ўжо ёсьць досьвед галадоўкі — на Акрэсьціна».

Актывістка кажа, што спыніць галадоўку ў выпадку, калі Надзею Саўчанку абмяняюць на зьняволеных ва Ўкраіне расейцаў:

«Гэта было б проста цудоўна, каб Надзея трапіла ва Ўкраіну. Але цяпер мне проста хочацца яе падтрымаць, каб яна ведала, што ва ўсім сьвеце яе падтрымліваюць».