Тэракт у Аўганістане — СМІ кажуць пра 30 ахвяраў

Аўганскія сілы бясьпекі прыбылі на месца выбуху ў Кабуле, 19 красавіка 2016 году

Прэзыдэнт Аўганістана Ашраф Гані паведаміў, што пры выбуху ў цэнтральнай частцы Кабула загінулі людзі. Гані ў сваёй заяве асудзіў напад «самым рашучым чынам».

Pajhwok Afghan News перадае, што ў выніку выбуху забітыя прынамсі 6 чалавек, больш за 20 атрымалі раненьні. Пры гэтым аўганскае агенцтва Khaama Press сьцьвярджае пра 30 загінулых. Паводле зьвестак СМІ, тэрарыст-сьмяротнік падарваў сябе побач з будынкам выведслужбаў рэспублікі. Пакуль ніводная з экстрэмісцкіх груповак не ўзяла на сябе адказнасьць за тэракт.

Паводле інфармацыі Reuters, у шпіталі дастаўленыя восем параненых вайскоўцаў.

Выбух прагрымеў у цэнтры сталіцы Аўганістана раніцай у аўторак. Каля амбасады ЗША ў цэнтры горада былі чуваць гукі сырэнаў, у небе быў бачны густы дым. Побач з амбасадай знаходзіцца штаб-кватэра місіі НАТО ў Аўганістане. Гэтыя будынкі выбухам закранутыя не былі.

Пазьней СМІ паведамілі, што паблізу будынка Ўпраўленьня нацыянальнай бясьпекі Аўганістана падарваўся начынены выбухоўкай аўтамабіль.