Рауль Кастра: краінай не павінны правіць старыя

Рауль Кастра

Паводле Рауля Кастра, будучым лідэрам Камуністычнай партыі мусіць стаць чалавек не старэйшы за 70 гадоў. Ён зазначыў, што пара даць дарогу маладым, а старым трэба пацясьніцца, каб саступіць месца сваім унукам.

Аднак вэтэраны асьцерагаюцца, што кампартыя ня зможа працягнуць сваё існаваньне пасьля таго, як яны сыдуць.

Цяперашнія кубінскія лідэры, якія ўдзельнічалі ў рэвалюцыі 1959 году, даўно перасягнулі парог 70-годзьдзя, а некаторыя і 80-годзьдзя. Самому Раулю Кастра 84 гады.

Словы Кастра, прамоўленыя на зьезьдзе партыі, які праходзіць цяпер, не сустрэлі адабрэньня ў зале і суправаджаліся маўчаньнем.

«Ня думайце, што калі вы ня зможаце кіраваць краінай, вы не падыходзіце больш ні для чаго іншага», — сказаў Кастра, рэагуючы на маўчаньне залы. І прапанавалі вэтэранам партыі праводзіць больш часу са сваімі ўнукамі.

Словы цяперашняга кіраўніка Кубы выкліканыя незадаволенасьцю маладых сябраў партыі, якія настойваюць на паскарэньні правядзеньня рэформаў у краіне, распачатых пяць гадоў таму.

Кастра прапануе абмежаваць узрост сяброўства ў ЦК партыі 60 гадамі, а для абраньня на пасаду лідэра партыі прызначыць максымальны ўзрост 70 гадоў.

Новыя зьмены ў статуце партыі маюць быць прынятыя або адхіленыя на цяперашнім зьезьдзе партыі. На думку Кастра, гэтыя зьмены павінны быць замацаваны ў Канстытуцыі і пацьверджаны правядзеньнем рэфэрэндуму.

У панядзелак на зьездзе будзе абраны лідэр кампартыі, і чакаецца, што ім зноў стане Рауль Кастра. Новыя правілы ня будуць стасавацца ні да самога Кастра, ні да Хасэ Рамона Мачада Вэнтуры, якому ўжо 85 і які застаецца другім чалавекам у партыі пасьля Рауля Кастра.