Сусед «здаў» суседку міліцыі за ўдзел у мітынгу: «Не лічу, што гэта быў данос»

Галіна Лагацкая

Міліцыі пра ўдзел Галіны Лагацкай у мітынгу паведаміў жыхар дому, дзе жыве актывістка.

У судзе Цэнтральнага раёну Менску будзе разгледжаная адміністрацыйная справа мянчанкі Галіны Лагацкай, якую абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу прадпрымальнікаў 22 лютага на Кастрычніцкай плошчы. Справа адметная тым, што міліцыі пра ўдзел Галіны Лагацкай у мітынгу паведаміў жыхар дому, дзе жыве актывістка.

«У дачыненьні да Галіны Лагацкай пратакол не складаўся і ў РУУС яе не выклікалі. Тым ня менш днямі жанчына атрымала позву ў суд. А падставай для адміністрацыйнай справы зьявілася заява пільнага грамадзяніна, які пазнаў Лагацкую па фатаздымку ў інтэрнэце. У якасьці „добраахвотнага памочніка міліцыі“ ў лепшых традыцыях сталінскіх часоў выступіў сусед па доме пэнсіянэр Валер Мілевіч, які напісаў заяву на адрас УУС Менгарвыканкаму», — паведаміў сайт праваабарончага цэнтру «Вясна».

Чаму сусед узяўся пісаць заяву на суседку? Паводле заявы Валера Мілевіча, яго абурыў зьмест пляката, які трымала Галіна Лагацкая на мітынгу прадпрымальнікаў. «Прадпрымальнік сумленны чалавек, а ўлада бандыцкая», — было напісана на плякаце Лагацкай. «Указаны на плякаце Лагацкай Г. І. надпіс зьяўляецца для мяне зьневажальным, у сувязі з чым я напісаў заяву ў ГУУС Менгарвыканкаму з просьбай прыцягнуць яе да адказнасьці», — сказаў пэнсіянэр Валер Мілевіч, калі яго апытвалі ў міліцыі. Гэтак пазначана ў копіі пратаколу, якую Галіна Лагацкая прадэманстравала карэспандэнту Свабоды.

Прычыну ініцыятывы Валера Мілевіча Галіна Лагацкая бачыць у канфлікце, які ўжо ня першы год працягваецца паміж суседам і ёй.

«Я намесьнік старшыні жыльлёвага каапэратыву, а Валер Мілевіч — сябра гэтага каапэратыву, ён жыве ў суседнім падʼезьдзе. Канфлікт пачаўся з таго, што спадар Мілевіч стаў карыстацца вазочным пакоем на пляцоўцы, куды выходзіць ягоная кватэра. Але гэты пакой павінен належаць усім жыхарам, а не яму аднаму, і яго нельга замыкаць на ўласны замок. Мае спробы як намесьніка старшыні каапэратыву гэта спыніць выклікалі бурнае супрацьдзеяньне. У выніку мы ўжо прайшлі празь некалькі судоў. У тым ліку была крымінальная справа, заведзеная на мяне за нібыта ўварваньне ў ягоную кватэру, якую я спачатку выйграла, а потым прайграла, і адміністрацыйная справа аб паклёпе на мяне наконт спробы забойства, — гэтую справу прайграў ён. Цяпер бачу, што канца гэтаму ня будзе доўга, бо міліцыя можа аказацца на ягоным баку, а чалавеку вельмі спадабалася судзіцца», — пракамэнтавала сытуацыю Галіна Лагацкая. Галіна — грамадзкая актывістка і часта бярэ ўдзел у розных палітычных мерапрыемствах. «Цяпер ён будзе адсочваць мяне праз інтэрнэт і пісаць заявы», — не выключае спадарыня Лагацкая.

З пратаколу апытаньня Валера Мілевіча ў міліцыі

Удалося датэлефанавацца і да спадара Валера Мілевіча. Карэспандэнт Свабоды запытаў у пэнсіянэра, былога лётчыка Мілевіча, ці ня ёсьць ягоная заява ў міліцыю помстай за канфлікт вакол пакою для вазкоў на лесьвічнай пляцоўцы.

«Не лічу, што з майго боку гэта быў данос. У мяне ёсьць прычыны гэтак рабіць. Што да яе, дык яна ніякая не прадпрымальніца, і калі вы мяркуеце, што яна змагаецца за справядлівасьць, дык дарэмна. Яна крытыкуе ўладу, называе яе бандыцкай, а я лічу, што ўлада ў нас не бандыцкая. Бадай што гэта асноўнае».

Карэспандэнт: «Яна крытыкуе ўладу, вы яе абараняеце, але ваша суседка не заклікае прыцягнуць вас да адказнасьці за тое, то вы ўладу падтрымліваеце. Вы ж менавіта гэтага дамагаецеся адносна яе. Чаму? Хіба гэта не вяртаньне да 37 году? І ўвогуле, вы лічыце нармальным пісаць такую заяву на жанчыну?»

«Не, я лічу, што гэта не 37-ы год і не вяртаньне да 37-га году... Бачу, у нас пайшла неканкрэтная размова, таму я яе спыняю«.

Пры гэтым раней у размове Валер Мілевіч згадаў выказваньне свайго дзеда пра тое, што «кожная галава — гэта свой розум», і сказаў, што кропку ў справе аб удзеле Лагацкай у мітынгу павінен паставіць суд.

Адміністрацыйны працэс над Галінай Лагацкай адбудзецца 19 красавіка. Валер Мілевіч сказаў, што яшчэ ня вырашыў, ці пойдзе на працэс.