МЗС і ЦВК пра даклад Дзярждэпартамэнта ЗША аб сытуацыі з правамі чалавека

Карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся ў Міністэрства замежных спраў Беларусі і ў Цэнтравыбаркам з просьбай пракамэнтаваць штогадовы даклад Дзярждэпартамэнта ЗША аб сытуацыі з правамі чалавека ў сьвеце.

У дакумэнце гаворыцца, што ў Беларусі захоўваюцца «значныя праблемы ў сфэры правоў чалавека», Беларусь названая аўтарытарнай дзяржавай.

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык заявіў:

«Гэта ўнутраны дакумэнт амэрыканскай адміністрацыі. Яго замаўляе Кангрэс ЗША Дзярждэпартамэнту, Дзярждэпартамэнт яго рыхтуе і накіроўвае ў Кангрэс ЗША. І ўсё. У нас няма намеру камэнтаваць унутраныя дакумэнты амэрыканскай адміністрацыі».

У дакладзе Дзярждэпартамэнта таксама адзначаецца, што грамадзяне ў Беларусі па-ранейшаму ня маюць магчымасьці зьмяняць урад шляхам выбараў, а пасьля 1994 году ўсе выбарчыя кампаніі, у тым ліку прэзыдэнцкія выбары 2015 году, не адпавядалі міжнародным стандартам.

Камэнтуючы ацэнкі, дадзеныя ў дакладзе, старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына сказала:

«Я ня думаю, што дадзенае ведамства надзелена правам даваць ацэнкі. Гэта ў прынцыпе рэалізацыя іх уласных паўнамоцтваў. Яны маюць права іх даваць, але гэтыя ацэнкі не абавязковыя ні для кога. Гэта іх уласная пазыцыя. Я думаю, што мы таксама маглі б выказацца адносна захаваньня правоў чалавека ў гэтай краіне, наш урад таксама мог бы ўнесьці нейкія заўвагі. Таму гэта права дадзенай дзяржавы. Але, я думаю, дэманізаваць гэтую ацэнку, адносіцца да яе як да канчатковай і не падлягаючай ніякаму сумневу, зразумела, ня трэба. Нічога новага ў гэтым няма. Мы, афіцыйныя ўлады, натуральна, ня згодныя. Я думаю, што і грамадзяне Рэспублікі Беларусь у сваёй большасьці будуць альбо поўнасьцю ня згодныя, альбо згодныя па нейкіх асобных пазыцыях. Таму гэта зусім не аксіёма, гэта думка асобнай урадавай установы, асобнай дзяржавы».