Колькі дзяржава зэканоміць на пэнсіянэрах? Камэнтуюць экспэрты

Ілюстрацыйнае фота

Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі паведамляе, што ягоным сёньняшнім указам прадугледжваецца зь 1 студзеня 2017 году паэтапнае штогадовае павышэньне на 6 месяцаў пэнсійнага ўзросту да дасягненьня мужчынамі 63 гадоў, жанчынамі — 58 гадоў.

Павялічваецца таксама на 3 гады за 6 гадоў узрост, які дае права на льготныя працоўныя пэнсіі і пэнсіі за выслугу гадоў.

Сасноў: Пасьля павышэньня пэнсійнага ўзросту стане яшчэ горш

Указ, падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 11 красавіка — «Аб удасканаленьні пэнсійнага забесьпячэньня», — былы міністар працы Беларусі Аляксандар Сасноў камэнтуе як меру, вымушаную эканамічным крызісам:

Аляксандар Сасноў

«Паколькі паднялі толькі пэнсійны ўзрост і за апошнія больш як 20 год нічога не зрабілі іншага, то няма чаго чакаць. Празь нейкі час сытуацыя ў пэнсійнай сыстэме зноў будзе дрэнная. Яна і цяпер дрэнная, а стане яшчэ горш. Улады нічога не зрабілі, апроч таго, што навідавоку — паднялі пэнсійны ўзрост.

Рашэньне замацоўваецца ўказам прэзыдэнта. Чаму? Таму што так званы парлямэнт, „палатка“ — гэта не заканатворчы орган, а канцылярыя пры прэзыдэнце, якая падпісвае тыя паперы, якія ён ім пастаўляе. А нашто цягнуць час? Ён прымае ўказы, таму што дыктатура ў краіне».

Ярашук: У шкодных умовах шмат хто не дажыве да пэнсіі

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук кажа, што эканамічных праблемаў гэты ўказ ня вырашыць:

Аляксандар Ярашук

«Тое, што праблема, зьвязаная з пэнсійнай сыстэмай, існавала, мы ведалі і бачылі ўжо даўно. Але з усіх варыянтаў вырашэньня праблемы ўлады абралі самы кепскі. Зрэшты, гэта і ёсьць адметнай рысай гэтай улады. Можна толькі яшчэ раз пашкадаваць і абурыцца, што беларускі рэжым так цынічна ставіцца да сваіх грамадзянаў.

Атрымлівацца, што вельмі складаную праблему прэзыдэнт сваім указам вырашае вельмі проста — мэханічным падвышэньнем пэнсійнага ўзросту.

Але можна казаць абсалютна адказна: аніякіх стратэгічных выйгрышаў ва ўлады ня будзе, а вось што тычыцца нэгатыву — то ён гарантаваны. І гэта нэгатыў непасрэдна для грамадзянаў краіны.

У глябальным пляне ўказ нічога не вырашае, проста вастрыня праблемы на непрацяглы час будзе зьменшаная. Але якія наступствы...

Значная частка людзей, асабліва што тычыцца шкодных умоваў працы, проста ніколі ў сваім жыцьці не атрымае пэнсію. Гэта першае.

Другое. У сытуацыі, калі імкліва расьце беспрацоўе, павышэньне пэнсійнага ўзросту толькі абвострыць гэтую праблему, бо маладым спэцыялістам ня будзе куды прыходзіць — працоўныя месцы ўсё яшчэ будуць занятыя тымі, хто яшчэ будзе дапрацоўваць да пэнсіі.

Такім чынам, зноў можна канстатаваць схільнасьць уладаў да простых рашэньняў вельмі складаных праблемаў па прынцыпе „дзень прастаяць і ноч пратрымацца“. І нясхільнасьць зазіраць наперад больш як на пару гадоў».

Раманчук: Гэтую меру Менск будзе спрабаваць прадаць МВФ як пэнсійную рэформу, каб атрымаць грошы

Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць, што падвышэньне пэнсійнага ўзросту на эканоміку Беларусі істотна не паўплывае:

Яраслаў Раманчук

«Тое, што падвысілі пэнсійны ўзрост, гэта толькі на адсотак ці нават долю адсотка павялічвае стабільнасьць пэнсійнага фонду. Прычым асноўная праблема ў тым, што з-за крытычнага фінансавага стану прадпрыемстваў плацяжы ў пэнсійны фонд значна панізіліся. Зразумела, што ўказ Лукашэнкі — гэта ніякая не пэнсійная рэформа, а проста спроба заткнуць дзірку ў бюджэце. Але гэтую меру афіцыйны Менск будзе спрабаваць прадаць Міжнароднаму валютнаму фонду як пэнсійную рэформу, каб атрымаць грошы».