«Цішка Гартны — першы прэзыдэнт Беларусі, якога забілі», — жыхары Магілёва

Цішка Гартны

Пяць год таму ў Магілёве адну з новых вуліц гораду назвалі імем Цішкі Гартнага. Карэспандэнт Свабоды пацікавіўся ў жыхароў, што яны ведаюць пра чалавека, у гонар якога назвалі іх вуліцу.

11 красавіка дзень памяці літаратара, навукоўца, палітыка, першага кіраўніка беларускага савецкага ўраду Зьмітра Жылуновіча, вядомага пад псэўданімам Цішка Гартны. Яго жыцьцёвы шлях абарваўся ў Магілёўскай псыхіятрычнай лякарні пры загадкавых абставінах у 1937 годзе. Паводле афіцыйнай вэрсіі, ён памёр ад гангрэны лёгкіх, па іншых зьвестках — скончыў жыцьцё самагубствам.

Доўгі час магілёўскія рупліўцы беларускай мовы і гісторыі дамагаліся, каб у горадзе зьявілася вуліца, названая ў гонар Зьмітра Жылуновіча. У 2011 годзе гарвыканкам прыняў адпаведнае рашэньне.

Надпісы з назвай вуліцы імя Цішкі Гартнага на расейскай мове

На ўскрайку абласнога цэнтру за пяць год на вуліцы імя Цішкі Гартнага ўзьведзена тры шматпавярховікі. Яшчэ некалькі будуюцца. Двары дамоў неўпарадкаваныя. Шыльды і надпісы на сьценах з назвай вуліцы расейскамоўныя.

Бальшыня жыхароў, якія пагадзіліся пагутарыць з журналістам, ня ўтойвалі, што высьвятлялі, хто такі Цішка Гартны.

«Гэта першы прэзыдэнт нашай Беларусі», — заявіў адзін зь першых суразмоўцаў.

«Гэта было яшчэ ў рэвалюцыю. Тады ўсё разбурылася, і мы, беларусы, якія ніколі ня мелі сваёй дзяржаўнасьці, наважыліся яе стварыць, — апавядаў мужчына. — Ленін тады сабраў сваіх паплечнікаў, і сярод іх быў Цішка Гартны. Ён і заявіў, што хоча, каб была такая Рэспубліка Беларусь. У яго пытаюцца: „А хто яе ўзначаліць?“. „Я яе ўзначалю“, — адказаў ён. Праўда Гартны ня доўга ёю кіраваў. І скончыў сваё жыцьцё ў нашым „Пячэрску“ (гэтак магілёўцы называюць вар’ятню. — РС). Задавілі яго сьпінкай ад ложка».

Вуліца зь некалькіх дамоў. Двор не ўпарадкаваны

Суразмоўца прызнаўся, што ня ведае, якое сапраўднае імя Цішкі Гартнага, але заўважыў, што быў ён яшчэ і паэтам.

Наступныя суразмоўцы заявілі, што Цішка Гартны рэвалюцыянэр. «Нават помнік ёсьць яму ў Магілёве. Відаць, гэта была важная асоба, паколькі ў яго гонар назвалі вуліцу», — заўважылі яны. Сапраўднага прозьвішча Гартнага суразмоўцы не прыгадалі. Пачуўшы, як скончыў ён жыцьцё, адрэагавалі: «Як і ўсе ў той час...»

Многія з жыхароў вуліцы адзначалі, што расейскамоўная падача назвы вуліцы гучыць камічна. «Нават калі быў сход жыльцоў, і згадвалі назву вуліцы, дык многія сьмяяліся зь яе», — паведамілі наступныя суразмоўцы. Яны ж пагадзіліся, што шыльды з назвай вуліцы трэба мяняць на беларускамоўныя.

Вуліца імя Цішкі Гартнага — гарадзкі ўскраек

«Не пашкодзіла б і інфармацыйная дошка пра чалавека, імем якога названая вуліца. Вось, напрыклад, суседняя вуліца названая Грунвальдзкай. Мы ведаем са школы, што была такая бітва. А пра гэтага пісьменьніка ня згадвалі ў часы, калі мы вучыліся», — зазначылі суразмоўцы.

«У Менску ёсьць вуліца Зьмітра Жылуновіча, а вы, ці ня ведаеце, чаму ў Магілёве вырашылі назваць вуліцу не сапраўдным яго імем, а псэўданімам? Хіба гэта слушна?» — запыталіся ў журналіста наступныя суразмоўцы.

Яны цікавіліся ў інтэрнэце, хто такі Цішка Гартны, і ня ўтойвалі, што тое, як ён скончыў сваё жыцьцё, іх ня дзівіць. «Такая краіна была. Ад такіх людзей, як ён, пазбаўляліся ў савецкі час такімі мэтадамі», — зазначылі суразмоўцы.

Памятны знак на сымбалічнай магіле Зьмітра Жылуновіча

Што крамольнага Гартны зрабіў, каб яго жыцьцёвы шлях абарваўся гэтак трагічна, маладыя людзі адказаць не змаглі.

У Магілёве няма помніка Цішку Гартнаму. Дакладнае месца яго пахаваньня невядомае. На ўскрайку Пячэрскага лесапарку ў 1989 годзе сябры мясцовай філіі «Мартыралёг Беларусі» ўсталявалі памятны знак загінуламу літаратару і палітыку. Гэтая мясьціна і лічыцца сымбалічнай магілай Цішкі Гарнага. У дзень, калі наведаў яе журналіст, яна была прыбранай. Невядомыя высадзілі пад знакам кветкі і выклалі з шышак праваслаўны крыж.

Магіла на ўскрайку Пячэрскага лесапарку

Зьміцер Жылуновіч нарадзіўся 4 лістапада 1887 году. У кастрычніку 1918 году беларускага пісьменьніка прынялі ў камуністычную партыі бальшавікоў. 1 студзеня 1919 году ён ачоліў першы савецкі ўрад Беларусі, які кантраляваўся расейскімі бальшавікамі. У 1930 годзе Зьмітра Жылуновіча выключылі з партыі з фармулёўкай «за сувязь з <...> нацдэмаўскімі і фашысцкімі элемэнтамі». У 1936 годзе яго арыштавалі, а ў 1937-м назвалі псыхічна хворым і зьмясьцілі ў Магілёўскую псыхіятрычную лякарню.