Да Саўчанкі, якая на сухім галаданьні 6-ы дзень, у выходныя ніхто ня мог патрапіць — Фейгін

Надзея Саўчанка і Мікалай Полазаў (архіўнае фота)

Адзін з адвакатаў зьняволенай у Расеі ўкраінскай грамадзянкі, народнага дэпутата Надзеі Саўчанкі Марк Фейгін паведаміў у панядзелак, што да яе на выходныя ніхто ня мог патрапіць. Пра гэта Фейгін напісаў на старонцы ў Twitter.

«Сёньня шосты дзень сухой галадоўкі Саўчанкі. У выходныя дні да яе ніхто ня мог патрапіць. Пасьля абеду ад Полазава (іншы адвакат Саўчанкі — РС) даведаемся апошнюю інфармацыю», — паведаміў Фейгін.

Дэталяў пра тое, калі Мікалай Полазаў сустрэнецца з Надзеяй Саўчанкай, пакуль няма, але раніцай у панядзелак ён адправіўся з Масквы ў Растоў-на-Доне.

Украінская грамадзянка, народны дэпутат Украіны Надзея Саўчанка, як і абяцала, 6 красавіка абвясьціла новую сухую галадоўку з патрабаваньнем вызваліць яе або вярнуць ва Ўкраіну.

5 красавіка прысуд расейскага суда па справе Надзеі Саўчанкі набыў моц. Яе прысудзілі да 22 гадоў пазбаўленьня волі 22 сакавіка, абвінаваціўшы, у прыватнасьці, у дачыненьні да забойства расейскіх журналістаў, якія незаконна знаходзіліся на Данбасе ў шэрагах сэпаратыстаў, якіх падтрымлівае Расея.

Расейскія ўлады раней заяўлялі, што рашэньне аб магчымай перадачы Саўчанкі Ўкраіне можа быць прынятае толькі пасьля набыцьця моцы прысуду над ёю.