Ярмошына распавяла, адкуль бярэцца апазыцыя

Лідзія Ярмошына

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына лічыць, што дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў павінны станавіцца людзі, якія ўжо зрабілі карʼеру.

Пра гэта яна заявіла ў інтэрвію БелТА, адказваючы на пытаньне пра пэрспэктывы паніжэньня ўзроставага цэнзу для патэнцыйных дэпутатаў.

На думку Ярмошынай, калі дэпутатам стане малады чалавек, то потым узьнікне праблема зь яго працаўладкаваньнем.

«Чалавек у 20 гадоў прыходзіць у парлямэнт, ён яшчэ нічога ня ўмее, толькі чытаць і пісаць і, магчыма, мае нейкія элемэнтарныя веды ў той ці іншай сфэры. У той жа час ён ужо набывае важкі дэпутацкі статус. Праз чатыры гады дзе мы яго выкарыстоўваць будзем? Ён жа будзе зубамі хапацца за гэтае месца ў парлямэнце, таму што больш нічога рабіць ня ўмее. Ну, абралі, можа, яго ў другі раз, але што далей? Ці пойдзе працаваць у школу або бальніцу? Наўрад ці. Што ж мы маем у астатку? Простага намэнклятурнага беспрацоўнага, якога трэба абавязкова працаўладкаваць, але яго ніхто браць ня хоча, таму што ён нічога ня ўмее. Вось так атрымліваецца апазыцыя», — лічыць Ярмошына.

«Я за тое, каб у парлямэнт перш за ўсё ішлі людзі, якія зрабілі карʼеру і ня зьнікнуць пасьля таго, як іх не абяруць на гэтую пасаду паўторна. Яны ўсё роўна запатрабаваныя, іх можна ўжо міністрамі прызначаць пасьля досьведу ў заканатворчай дзейнасьці. Вось якой думкі я прытрымліваюся. Усе размовы пра моладзь у парлямэнце лічу папулісцкімі, шкоднымі і недальнабачнымі», — сказала старшыня ЦВК.

Акрамя таго, Ярмошына зьвярнула ўвагу на тое, што ўдзел у выбарах — гэта вельмі цяжкае выпрабаваньне.

«Многія не разумеюць, што шлях да дэпутацкага крэсла — гэта як выпрабаваньне Іванушкі ў „Каньку-гарбунку“. У поўным сэнсе слова трэба ў сямі водах выкупацца, у катлах са смалой, з гарачай вадой і з чым заўгодна яшчэ, каб стаць тым самым добрым малайцом (народным абраньнікам). Тут трэба прайсьці і праз прыніжэньні, і праз вулічныя дыскусіі, і праз прыкрыя рэчы, якія будуць выказаныя. На самай справе, абірацца цяжка», — кажа яна.