У Мінабароны Азэрбайджана паведамляюць, што баі ў Нагорным Карабаху ішлі ўсю ноч. У ведамстве адзначаюць, што армяне нанесьлі 120 агнявых удараў, на што азэрбайджанскія вайскоўцы адказалі 126 ўдарамі.
Мінабароны Азэрбайджана прыстрашыла нанесьці ўдар па Ханкедзі — сталіцы непрызнанай Нагорна-Карабахскай рэспублікі (армянская назва — Стэпанакерт).
«Мы папярэджвалі аб тым, што ў выпадку працягу абстрэлаў населеных пунктаў уздоўж лініі судакрананьня ў Карабаху міністар абароны Закір Гасанаў даў загад быць гатовым да ракетных удараў па Ханкендзі. Армянскі бок з ночы вядзе абстрэл населеных пунктаў у агдэрынскім і фізулінскім кірунках. Сваімі дзеяньнямі армянскі бок набліжае ўдар па Ханкендзі», — заявіў сайту Vesti.Az кіраўнік прэс-службы Мінабароны Вагіф Даргахлы.
Паведамляецца, што за мінулыя суткі загінулі яшчэ трое вайскоўцаў Азэрбайджана.
Міністэрства абароны самаабвешчанай Нагорна-Карабахскай рэспублікі (НКР) прызналі страту падчас баёў 5 пазыцыяў на паўднёвым кірунку і 3 — на паўночным. Аднак адзначаецца, што «прасоўваньне Азэрбайджана не перавысіла 300 мэтраў».
У цэлым у Мінабароны НКР паведамляюць, што за пэрыяд эскаляцыі сытуацыі зь 1 красавіка страты армянскага боку склалі 20 вайскоўцаў забітымі, 72 — параненымі.
Варагуючыя бакі заяўляюць пра зьнішчэньне баявой тэхнікі адно аднаго і шматлікія страты суперніка ў жывой сіле. Таксама бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў гібелі мірных жыхароў.