Качанава зноў выказалася пра заробкі, на гэты раз настаўнікаў

Натальля Качанава

У сярэднім па краіне настаўнікі зараз зарабляюць 5 мільёнаў 618 тысяч рублёў. «Я лічу, гэта нядрэнны ўзровень», — заявіла ў інтэрвію праграме «Карціна сьвету» на тэлеканале «Расея-Беларусь» віцэ-прэмʼер Натальля Качанава.

«Я вам так скажу: калі настаўнік працуе і мае адпаведную катэгорыю, яшчэ хоча займацца гуртковай працай, то ў гэтага настаўніка можа быць зарплата і 7, і 8, і 10 мільёнаў. Прычым гэта лічбы і статыстыка, якія называю ня я. Гэта лічбы, якія агучвалі мне самі выкладчыкі, калі я пра іх гэта пыталася», — распавяла віцэ-прэмʼер.

Паводле яе слоў, невысокая зарплата ў маладых спэцыялістаў, якія прыходзяць у школу адразу пасьля ВНУ. — На дакладзе Аляксандр Рыгоравіч нам паставіў задачу: паглядзіце ўважліва — маладыя спэцыялісты павінны атрымаць заробак — як вырашыць гэтае пытаньне. Таму што трэба зацікавіць маладога адмыслоўца. Мала таго, што ён любіць гэтую прафэсію, раз ён прыйшоў працаваць пэдагогам, трэба яго і матываваць.

Сёньня, лічыць Натальля Качанава, у дырэктараў школ есьць магчымасьці павышаць заробак маладым настаўнікам, у якіх яны зацікаўленыя.

— За кошт прэміяльнай аплаты працы, за кошт пазабюджэтнай дзейнасьці, а сёньня, балазе, такія магчымасьці ў нашых устаноў есьць. І таму зараз, з улікам пастаўленых перад намі задач, мы ўважліва яшчэ раз вернемся да гэтага пытаньня, — заявіла Качанава.

4 лютага віцэ-прэм’ер Качанава даволі скандальна выказалася пра заробкі маладых трэнэраў: «Вось прыходзіць малады трэнэр на заробак 1,3 мільёна. Ну што рабіць, такі заробак! Наогул чалавек, які скончыў школу, выразна павінен уяўляць, які заробак яго чакае на месцы трэнэра асобага аддзелу. Разьлічваць на тое, што там яго дагоняць велізарныя фінансавыя бонусы, наўрад ці варта».