Пра Гілевіча за трыццаць сэкунд

Сяргей Астраўцоў

– Наташа, ну што ў вас там? Пра Гілевіча даёце?

– Пра Ніла? Ну была ж указілаўка. Мы ўсягда пажалуста.

– А колькі сэкунд будзеце даваць?

– Я ня ведаю, трэба ў рэдактара спытаць. Скажуць самі. У нас з гэтым строга…

– Саша, слухай, тут гэты памёр, дзед-паэт. Мы даём, а вы?

– Мы таксама. Усе даюць праўдападобна. Была адмашка зьверху.

– А што даваць? Колькі?

– Што памёр ад старасьці, ха-ха. Усе паміраюць. Хоць ты паэт народны, хоць заслужаны артыст.

– Ну гэта так. А колькі даваць сказаў? Ці радкоў? Каб не перабраць. Які ліміт?

– Ды пра гэта ніхто нічога. Проста даць і ўсё. Памёр. Кропка.

– Сапраўды, тут самадзейнасьці ня трэба. Ён жа на бацьку пісаў, кажуць. Я сам не чытаў, не люблю вершаў. Ды яшчэ на дзядоўскай.

– Ага, пісаў. Таму нідзе не дапускалі. Ты галоўнае зразумей: ён жа апошні. Больш ня будзе народных. Гэта каб першы памёр, тады падзея. А калі апошні — каму гэта цікава? Хто іх чытае, гэтых паэтаў?

– Ну гэта так. Калі памёрлі першыя, помнікі паставілі. А ўсім ставіць ня будзеш. Атрымаецца ня горад, а падручнік па літаратуры…

– Вася, вы даёце?

– Пра Гілевіча? Даём.

– Колькі?

– Ня ведаю, сэкунд трыццаць-сорак. Мабыць. Перад рэклямай.

– А мы пасьля крымінальнай. Там людзей забіваюць жывых. Якім жыць ды жыць. А старыя самі паміраюць. Пра ўсіх ня скажаш. Ты знаеш, як падумаю: і генэралы паміраюць, і палкоўнікі. Усе грудзі ў ордэнах-мэдалях.

– Ты правільна гаворыш. Колькі памірае народу! І ганаровыя пэнсіянэры, і розныя заслужаныя людзі. А паэты што?

– Ну дык ён народны быў.

– Народны. І што? А ці патрэбныя яны народу? Бацька больш не дае ім. Значыць няма патрэбы.

– Ну ведаеш, «а я лягу-прылягу» ён нядрэнна напісаў. Любімая застольная была.

– Была. Ды ці мала што было ды сплыло? І быльлём парасло, як сказаў паэт…

– Іван, вы там даяце пра паэта?

– Гэта пра таго, пра народнага? Даём.

– А колькі сэкунд? Гэта я так, каб арыентавацца. Каб не перабаршчыць.

– Ды чорт яго знае, ня знаю. Ты разумееш, ён упоперак горла быў у начальства. Гэта ж ён усё з роднай мовай намуціў. Дзяржаўная мова! Якая яна к чорту дзяржаўная? Колькі бацьку давялося сіл патраціць, каб зь ёй ня лёталі як з пісанай торбай. Каб на месца паставіць. У кут. Каб не распальвала нацыяналізму. Карацей, ня ведаю колькі сэкунд, але менш за хвіліну дакладна. Галоўнае – менш за хвіліну.

– Я так і думаў. Лепей недасаліць, чым перабраць.А ўсё ж можа й шкада крыху, хто яго ведае. Кніжак столькі нарабіў. Кніжкі, канечне, не рыдлёўкай махаць, але галава трэба на плячах. Хаця, канечне, ня Пушкін, вось Пушкін быў паэт.