Brutto ня выступіць у Менску, затое дасьць канцэрт у Вільні

2 красавіка ў межах туру «Родны край» пройдзе канцэрт Brutto. Гэта першы сольны канцэрт гурту ў Вільні. Для яго арганізаваная візавая падтрымка.

Год таму Brutto ўжо выступаў у Вільні — на фэстывалі Belarus Alternative 2015. Гэтым разам яны выступяць з сольным канцэртам у клюбе Loftas, што літаральна за 15 хвілін хады ад чыгуначнага вакзалу.

Канцэрт адбудзецца ў межах туру «Родны край» — аднайменны альбом Brutto выпусьціў у верасьні 2015 году. У яго ўвайшлі дзьве беларускамоўныя песьні, адна зь іх — на словы Янкі Купалы.

27 траўня Сяргей Міхалок зьбіраўся даць канцэрт у менскім Палацы спорту. У сваім відэазвароце ён казаў, што гурт праверылі ва ўсіх сілавых структурах і ведамствах, а ідэолягі ацанілі тэксты.

Але потым з Палаца спорту прыйшла адмова. Абраная гуртам дата выступу аказалася занятая — у гэты дзень тут будуць мантаваць абсталяваньне.

«Ад ідэі правядзеньня канцэрту ў Менску мы не адмаўляемся — цяпер узгадняем іншую дату. У нас няма адчуваньня бегу па зачараваным коле. І сам я аптыміст ды рэаліст», — сказаў Антон Азізбэкян, прадусар гурту, у інтэрвію парталу Tuzin.fm.

Пасьля Вільні паслухаць канцэрт Brutto можна будзе ва Ўкраіне, Польшчы ды Нямеччыне, дзе гурт будзе гастраляваць да канца жніўня.