Барыс Пятровіч: Зьбіраліся юбілей Ніла Гілевіча адзначаць у верасьні

Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч распавёў Свабодзе, што пра сьмерць Ніла Сымонавіча паведаміў ягоны сын Сяргей Гілевіч.

Пятровіч: Ён сказаў, што сёньня прыблізна ў 18.50 у рэанімацыі памёр Ніл Сымонавіч. Сёньня раніцай яму стала горш... У яго была цукроўка і сказалі, што апошнім часам выявілі таксама анкалёгію. Ён некалькі месяцаў таму быў у лякарні ў Бараўлянах. Мы зь ім размаўлялі, ён спадзяваўся на лепшае. Ён казаў, што ў такім узросьце гэтая хвароба не так хутка разьвіваецца, зьбіраўся яшчэ жыць і працаваць. Але сэрца не вытрымала. Ня стала Ніла Сымонавіча.

Дзе будзе пахаваньне і разьвітаньне пакуль невядома, будзе пэўна вырашацца заўтра. Магчыма, падключацца ўлады, усё такі гэта адзіны і апошні народны паэт. Калі не, то будзем самі займацца:родныя. блізкія, сябры і саюз.

Зьбіраліся яго юбілей адзначаць. У яго дзень нараджэньня 30 верасьня, мы якраз зьбіраліся адзначыць 85 гадоў. Юбілей, безумоўна, будзе адзначацца, але ўжо без Ніла Сымонавіча".