Латвія пабудавала тры кілямэтры плота на мяжы з Расеяй

Латвійскія памежнікі

Агульная працягласьць агароджы для абароны ад нелегальных мігрантаў павінна скласьці 90 кілямэтраў.

На тле пагаршэньня сытуацыі зь нелегальнай міграцыяй, Латвія пабудавала першыя тры кілямэтры агароджы на мяжы з Расеяй.

Першы ўчастак плота на мяжы пабудаваны на тэрыторыі Лудзенскага ўпраўленьня Латвіі (мяжуе з Пскоўскай вобласьцю), паведамляе DELFI са спасылкай на прадстаўніка Дзяржаўнай памежнай аховы (ДПА) краіны Яўгенію Пазьняк.

Плот на латвійска-расейскай мяжы будзе як найменей 2,7-мэтровай вышыні (уключна з калючым дротам), распавёў начальнік ДПА Нормунд Гарбарс.

Сумарная працягласьць праекта складзе 90 км, сёлета на ўмацаваньне мяжы (акрамя сьцяны, будуць устаноўленыя сэнсарныя сыстэмы і камэры назіраньня) плянавалася накіраваць 3 млн. эўра.

Балтыйскія краіны асьцерагаюцца наплыву мігрантаў праз свае межы з краінамі, якія не ўваходзяць у ЭЗ. Літва зьбіраецца да 2022 году ўзмацніць сваю мяжу камэрамі і сыстэмамі начнога назіраньня.

Эстонія да лютага 2018 году зьбіраецца скончыць будаўніцтва 2,5-мэтровага плота на мяжы з Расеяй, агульнай працягласьцю 90 км. Усяго на гэты праект у 2016-2019 накіруюць 71 млн. эўра.

На поўдні маштабны праект «Сьцяна» (кошт — 150 млн. даляраў) па ўмацаваньні мяжы з Расеяй рэалізуе і Ўкраіна, якая лічыць Расейскую Фэдэрацыю «краінай-агрэсарам».